Ігар Маршалаў.

Ігар Маршалаў.

41-гадовы намеснік дырэктара Дэпартамента фінансавых расследаванняў Ігар Маршалаў атрымаў павышэнне. Цяпер ён узначальвае гэты Дэпартамент, і адначасова стаў намеснікам кіраўніка КДК.

Маршалаў — палкоўнік фінансавай міліцыі. Зямляк Лукашэнкі — з Шклова. Скончыў Вольскае вышэйшае вайсковае вучылішча тылу (гэта ў Саратаўскай вобласці Расеі), а таксама — Беларускі камерцыйны ўніверсітэт кіравання (1998). Шмат гадоў адпрацаваў у апараце КДК у Гомельскай вобласці. Летась быў пераведзены ў Мінск, дзе кар’ера стала развівацца вельмі імкліва.

За час працы ў Камітэце атрымліваў медаль «За бездакорную службу» ІІІ ступені.

«НН» месяц таму якраз прагназавала, што Маршалаў зойме гэтае крэсла.
Фактычна, Маршалаў узначаліў асобную спецслужбу. У падначаленні Дэпартамента ўваходзіць фінансавая міліцыя — пагроза для многіх чыноўнікаў і бізнэсмэнаў. Гэта структура, якой рэальна баяцца.

Зрэшты, арыштоўвалі і былых дырэктараў Дэпартамента фінансавых расследаванняў. У 2009 быў арыштаваны Анатоль Грамовіч. Справу завялі па кантрабандзе тавараў праз беларуска-польскую мяжу. Праўда, суд апраўдаў Грамовіча. Цяпер фігурант справы з’яўляецца членам Рады дырэктараў расійскага «СтарБанка».

Пасля Грамовіча было яшчэ два кіраўнікі — Сяргей Бараноўскі (звольнены афіцыйна па хваробе) і Рыгор Верамко (афіцыйна — па ўзросце). Фармулёўкі вельмі сумнеўныя. Хутчэй у вышэйшых эшалонах былі незадаволеныя працай ДФР.

Звяртае на сябе ўвагу, што Маршалаў — выхаванец менавіта КДК, а не іншых сілавых ведамстваў. Бараноўскі прадстаўляў МУС, а Грамовіч з Верамко — КДБ.

З’явіўся таксама новы намеснік міністра ў МУС. Ім стаў Віктар Дубавец. Асоба дагэтуль абсалютна непублічная. Вядома, што ў 2005 годзе Віктар Анатольевіч працаваў начальнікам фінансава-эканамічнага ўпраўлення Дэпартаменту аховы МУС. Ён падпалкоўнік міліцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?