Лёгкаматорны самалёт Turbo Commander 690B, якім кіраваў былы топ-менеджар кампаніі Microsoft Біл Хінінгсгаард, разбіўся ў горадзе Іст-Хэйвен ў штаце Канэктыкут (ЗША), паведамляе тэлеканал CNN.

Самалёт ляцеў з штата Нью-Джэрсі ў аэрапорт горада Нью-Хэйвен, аднак, не даляцеўшы некалькі кіламетраў да пункта прызначэння, абрынуўся на два жылыя дамы, якія ў выніку загарэліся.

У адным з дамоў у момант крушэння знаходзіліся двое дзяцей ва ўзросце аднаго года і 13 гадоў і іх маці. Жанчыне ўдалося выбрацца. Целы дзяцей яшчэ не выяўленыя, і яны афіцыйна лічацца зніклымі без вестак, аднак, як заявілі ўлады, найхутчэй яны загінулі.

Усе, хто быў у самалёце таксама загінулі. Дакладная колькасць людзей на борце пакуль невядомая: па дадзеных сваякоў Хінінгсгаарда, там быў толькі ён сам і яго сын, аднак улады мяркуюць, што ў самалёце маглі знаходзіцца тры чалавекі.

Прычыны здарэння высвятляюцца.

Біл Хінінгсгаард працаваў у Microsoft з 1988 па 2002 год на пасадзе віцэ-прэзідэнта прадстаўніцтва кампаніі ў Ціхаакіянскім рэгіёне. Да Microsoft ён таксама некаторы час быў супрацоўнікам кампаніі Apple.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?