У рамках чарговай акцыі часопіс Arche прапануе набыць па зніжаных цэнах камплект тоўстых нумароў літаратурна-краіназнаўчай тэматыкі: «Беларусы ў Варшаве» (№4 за 2010 год), «Уяўляючы Балканы» (№4 за 2011 год), «Аўстрыя: ад імперыі да нацыі» (№9 за 2011 год). Складальнікі зрабілі спробу прадставіць беларускаму чытачу наколькі магчыма шырокую і рэпрэзентатыўную палітру гісторыі, культуры і штодзённага жыцця шэрагу еўрапейскіх краін, не забываючыся і пра звязаны з імі беларускі фактар.
Нумар «Беларусы ў Варшаве» (агульны аб’ём 586 старонак), фактычна мае больш шырокі змест дзеля таго, што беларуская прысутнасць у Варшаве вядзе сваю гісторыю з даўніх часоў і праяўлялася ў розных, часам зусім нечаканых аспектах.
З матэрыялаў гэтага нумара звяртае на сябе ўвагу праца польскай даследчыцы Агаты Тушынскай «Рускія ў Варшаве», прысвечанае расійскай прысутнасці ў цяперашняй польскай сталіцы ў ХІХ — пачатку ХХ ст. Аўтарка паказвае разнастайныя бакі тагачаснай акупацыйнай рэчаіснасці не зусім стандартным чынам, пабудаваўшы сваё даследаванне ў форме кароткіх нарысаў пра асобныя, найбольш цікавыя з яе пункту гледжання сюжэты і з’явы. У выніку вымалёўваецца цікавы вобраз гарадской штодзённасці, пры якім на звыклыя, усталяваныя стагоддзямі формы існавання накладаюцца новыя рысы і з’явы, якія навязваліся мясцоваму насельніцтву акупантамі.
Сярод іншых тэкстаў, уключаных у нумар — пераклад на беларускую мову знакамітай «Лялькі» Баляслава Пруса, даследаванне Міколы Хаўстовіча пра першы беларускі лемантар, выдадзены ў Варшаве ў 1862 г. (з перадрукоўкай ягонага тэксту), біяграфічныя артыкулы Мікалая Хмяльніцкага пра паэта Адама Плуга і Міраслава Янковяка пра навукоўца Яўхіма Карскага, і многае іншае.
Нумар «Уяўляючы Балканы» (агульны аб’ём 634 старонкі) складаюць навуковыя, публіцыстычныя, літаратурныя творы, у якіх адлюстроўваецца гісторыя і сучаснасць амаль усіх самабытных краін, якія месцяцца на Балканскім паўвостраве: Сербіі, Харватыі, Балгарыі, Румыніі, Славеніі, Македоніі, Албаніі, Босніі і Герцагавіны, Чарнагорыі.Пры гэтым адначасова прадстаўлены як погляд знутры (пераклады тэкстаў розных мясцовых аўтараў), так і погляд старонніх назіральнікаў (тэксты іншаземных інтэлектуалаў — беларускіх, польскіх, амерыканскіх, брытанскіх і інш.).
Нарэшце, у нумары «Аўстрыя: ад імперыі да нацыі» (агульны аб’ём 455 старонак), які таксама складаецца з разнапланавых тэкстаў розных жанраў, паказана развіццё аўстрыйскай дзяржавы, свядомасці, мастацтва, літаратуры ў вельмі драматычны прамежак часу — прыблізна за апошнія 100 гадоў.Таму ў нумары прысутнічаюць творы і класічных аўтараў першай паловы ХХ ст., і майстроў слова ды мысляроў, якія набылі вядомасць пасля Другой сусветнай вайны, і сучасных папулярных аўтараў. Асобная рубрыка пад назвай «Беларуская Аўстрыя» прысвечана розным аспектам беларуска-аўстрыйскіх сувязяў.
Камплект з трох нумароў можна замовіць, даслаўшы электронны ліст на адрас [email protected]. Цана — 99 тыс. рублёў (кошт дастаўкі — уключаны).Акцыя працягнецца да 18 жніўня.
Замаўляючы выданні, у полі «Тэма» трэба пазначыць «Краіназнаўчыя нумары», а ў лісце падаць свае дакладныя каардынаты: паштовы адрас, індэкс, прозвішча і ініцыялы, тэлефон для камунікацыі. Прапанова дзейнічае толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.