Сёння ў Стакгольме адбылося пасяджэнне суда ў справе беларускай эмігранткі Вольгі Класкоўскай. На судзе было агучанае заключэнне псіхіятрычнай экспертызы, паводле якой яна была прызнаная дзеяздольнай.

Прысуд будзе агучаны 23 жніўня. Пракурор запатрабавала для Вольгі Класкоўскай 8 гадоў турмы.

Юлія Лапіцкі, якая прысутнічае на судзе, кажа: «Вырак будзе абвешчаны 23 жніўня аб 11-й. Сёння было канчатковае пасяджэнне суда. яго асноўная мэта была агучыць вынік псіхіятрычнай экспертызы. Гэта адбывалася пры зачыненых дзвярах, але выснова вядомая — у Вольгі не было знойдзены ніякіх псіхічных адхіленняў, яна дзеяздольная і будзе несці адказнасць, як псіхічна здаровы чалавек.

Калі яна будзе прызнаная вінаватай, яе прысудзяць да турмы, а не да лячэння.

Пракурор пакінула ранейшае патрабаванне — 8 гадоў турмы і кампенсацыя ў 100 тысяч крон — гэта 15 тысяч еўра.
Вольга трымалася добра, яна не зламаная. Яна спрабуе змагацца.
Яна паставіла пад сумнеў усю шведскую сістэму, сказала, што тое, што зараз адбываецца, гэта спроба яе забойства.
Паводле яе шведская сістэма прыняла незаконнае рашэнне аб дэпартацыі, потым незаконна забралі яе дзіця, зараз спрабуюць яе згнаіць у турме.
Потым яна спрабавала паставіць пад сумнеў кампетэнтнасць пракурора,
казала, што пракурор спрабуе ёй помсціць за тое, што яна апублікавала пра яе артыкул у інтэрнэце і ўнесла ў свой «чорны сьпіс» шведскіх чыноўнікаў.

Класкоўская сказала, што «пракурор устала ў позу, як дзіця». Яна некалькі разоў звярталася наўпрост да Гёкая Безгіна, свайго мужа (рашэнне аб іх разводзе будзе прынятае таксама ў жніўні) і пыталася: «Дзе мой сын?»

Гёкай быў вельмі спакойны, ён не адказваў на яе пытанні. Ён сказаў суду, што збіраецца з сынам пераехаць і скарыстацца магчымасцю «сакрэтнай ідэнтыфікацыі».
У Швецыі ёсць такі сродак абароны удзельнікаў судовага працэсу — чалавек мяняе дакументы, усе свае ідэнтыфікацыйныя дадзеныя. Гёкай хоча скарыстацца такой магчымасцю, каб Вольга ніколі не змагла знайсці яго і іх сына.
Вольгу пакінулі пад вартай. Я размаўляла з юрыстамі, і яны кажуць, што гэта прыкмета таго, што яе могуць палічыць вінаватай.

Адвакат сказаў мне, што Вольга была вельмі задаволеная вынікам псіхіятрычнай экспертызы, што для яе было вельмі важна, што яе прызналі псіхічна здаровай. Адвакат таксама паведаміў, што яна мае намер абскарджваць прысуд.

Што тычыцца грамадскай рэакцыі ў Швэцыі, то ніякага рэзанансу гэтая справа не мае, гэта звычайная «бытавуха. Нават беларусы, якія тут жывуць, не надта гэтай справай цікавяцца.

***

Вольгу вінавацяць у «замаху на забойства альбо нанясенне асабліва цяжкай шкоды здароўю» свайму мужу Гёкаю Безгіну.

Кіраўнік шведскай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла лічыць, што шведская сыстэма дзейнічае ў межах закона і што разбор паступова пераходзіць з этапу на этап.

«Я лічу, што зацягваньне вырашэння лёсу Вольгі Класкоўскай у гэтым выпадку цалкам нармальнае. Тут такая працэдура, якая мае розныя этапы, вось яны і выконваюцца. Было пытанне пра псіхалагічны стан Класкоўскай, вырашылі зрабіць аналіз. І вось на пасяджэнні даецца вынік аналізу. І затым пачынаецца новы этап працэдуры. Для мяне гэта выглядае нармальным. Што да тэрміну, якія патрабуе пракурор, то за такое злачынства, калі яно было здзейснена, могуць быць як мінімальны, так і максімальны тэрмін, якія могуць вельмі розніцца ў залежнасці ад абставінаў», — кажа Марцін Угла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?