У маі інтэрнэт абляцелі здымкі з тэрыторыі Мінскага трактарнага завода, застаўленай тысячамі трактароў. Прайшло тры месяцы, аднак сітуацыя, гледзячы па ўсім, застаецца ранейшай, паведамляе сайт praca-by.info.

Рабочыя звальняюцца з прадпрыемства, не атрымаўшы абяцанай зарплаты, а кіраўніцтва працягвае сцвярджаць, што праблем з рэалізацыяй прадукцыі няма. Больш за тое, сайт МТЗ горда заяўляе, што «на працягу шэрагу гадоў завод захоўвае за сабой долю ў 8-10% ад сусветнага рынку колавых трактароў, знаходзячыся ў васьмёрцы найбуйнейшых сусветных вытворцаў».

Фотаздымкі тэрыторыі МТЗ, застаўленай непрададзенымі трактарамі, перадалі ў прафсаюз РЭП працаўнікі завода. На сустрэчы са старшынёй прафсаюза Генадзем Фядынічам яны расказалі, што шмат хто сыходзіць з завода, таму што заробак у параўнанні з пачаткам года ўпала.

Генадзь Фядыніч адзначыў, што і ў метро вісяць аб'явы аб вакансіях на МТЗ, у пераліку пазначаны больш за 15 спецыяльнасцяў. Ён лічыць, што гэта сведчыць аб вялікай цякучцы кадраў.

— Гэта сур'ёзная праблема. Павелічэнне ВУП за кошт выпуску вялікага аб'ёму прадукцыі, якую потым немагчыма рэалізаваць, выходзіць бокам, — лічыць прафсаюзны лідар. — Рабочыя расказалі нам, што кіраўніцтва змяніла палажэнне аб прэміраванні. Зараз прэміраванне залежыць ад рэалізацыі. Гэта несправядлівае рашэнне. Пры чым тут токар або фрэзероўшчык, якім было дадзена зменнае заданне вырабіць пэўную колькасць дэталяў. Яны выканалі сваю працу і павінны за гэта атрымаць грошы.

На думку Генадзя Фядыніча, яшчэ адна праблема — замарожванне абаротных сродкаў.

— Мы яшчэ не ведаем, колькі трактароў перададзена сельгаспрадпрыемствам ў лізінг. І хоць многім гаспадаркам не патрэбна была гэтая тэхніка, яны вымушаныя былі яе ўзяць і павінны разлічыцца сваёй прадукцыяй. Вось такая «эканоміка наадварот» атрымліваецца, — падсумаваў старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч.

Паводле звестак Белстата, у першым паўгоддзі ў Беларусі выраблена 34,4 тыс. трактароў для сельскай і лясной гаспадаркі, што складае 90,4% да ўзроўню студзеня-чэрвеня мінулага года. Аб'ём складскіх запасаў трактароў на 1 ліпеня склаў 11,5 тыс. адзінак, або 200,3% да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці.

Каментуючы новыя фатаграфіі з трактарнага завода, прафсаюзны лідар выказаў здагадку, што задача Лукашэнкі за лета разгрузіць склады відавочна апынулася непасільнай.

praca-by.info

http://praca-by.info/

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0