Сёлетні Дзень вайсковай славы пад Воршай прайшоў па сюжэце нядрэннага прыгодніцкага фільма: з сапёрамі, мянтоўскімі кардонамі і сьлежкай...

Усё пачалося яшчэ напярэдадні, 7 верасьня зьявілася інфармацыя, нібыта на Крапівенскім полі знайшлі снарад. Таму там працавалі сапёры. Вядома, што ў нас знаходзяць міны, снарады выключна там, дзе мусіць прайсьці сход апазіцыйнай партыі ці незалежнае мерапрыемства. Мне пашэнціла, што пра размінірваньне я даведаўся ўжо ў Воршы. У супрацьлеглым выпадку мог бы не паехць туды зусім, як тое некаторыя і зрабілі.

Калі я са сваім знаёмым прыехаў ў Воршу, то вырашылі спачатку прайсьціся па горадзе і зазірнуць у мезэй Уладзімера Караткевіча. А далей з аўтавакзалу на аўтобусе на фэст. Гэта было прешае правільна абранае рашэньне: ня ехаць на маршрутцы. Як высвятлілася, зь некаторых маршрутак па дарозе на Крапівенскае поле мянты ссадзілі людзей у аўтазак і адвезьлі ў Воршу. Пасьля, канешне, адпусьцілі, толькі вось непрыемны асадак застаўся.

У 17.30 на аўтавакзале сустрэлі юнака Вову з дзвюма дзяўчатамі. Ад яго даведаліся, што на Гацькаўшчыне (прыпынак, побач зь якім знаходзіцца Крапівенскае поле) мянты хапаюць людзей. Ужо ў салёне аўтобуса вырашылі ехаць далей за Гацькаўшчыну, а назад вяртацца пешкі.

Крыху ад’ехалі ад гораду і аўтобус спынілі супрацоўнікі ДПС. Намёт, што ляжаў почач, адразу закінулі пад сядушкі: чакалі, што будзе агляд салёну. Праўда, дэпээшнік толькі загадаў кіроўцу не спыняцца на Гацькаўшчыне.

Едзем далей. На на павароце да Крапівенскага поля, мянтоўскі кардон. Кіроўца, нягледзячы на забарону, спыняе аўтобус. Выходзяць дзьве жанчыны.

‑ Хто тут яшчэ выходзіць?

Я падскокуваю да кіроўцы і даплачваю за праезд абы ехаць далей.

Як толькі аўтобус схаваўся ад мянтоў, Вова просіць прыпыніцца. Але сустракае катэгарычную адмову. Не дапамагае нават хітрык «спыніце, чалавеку дрэнна».

На наступным прыпынку, зноў на павароце ў бок да Дняпра (відаць, і там можна прайсьці да Крапівенскага поля), кардон.

Канцавы прыпынак — Дуброўна.

Тэлефануем Андрусю Мельнікаву. Ён пацвярджае. Што фэст адбудзецца, і скіроўваа нас у новае месца. Нас ужо шэсьць чалавек. Далучыўся яшчэ дзядзька Васіль, які ў 1990‑х хадзіў на мітынгах побач з Пазьняком.

З Дуброўны вяртаемся ў бок Воршы. Наперадзе першы кардон.

‑ Добры дзень… — да нас скіроўваюцца трое мянтоў. — Вашыя дакумэнты.

‑Прад’явіце свае дакумэнты, ‑‑ зьвяртаемся мы з сустрчным патрабаваньнем. Ва ўсіх траіх адсутнічаюць бэйджы.

‑ Навошта, нас і так ведаюць…

Праверка дакумэнтаў заканчваецца выказаным пажаданьнем убачыць нас як сьцямнее з флікерамі.

І напраўду сонца амаль зайшло. Хвілінаў дваццаць і будзе сапраўды цёмна.

Пачынаюць прыходзіць тэлефонныя званкі ад знаёмых наконт магчымых месцаў правядзеньня фэсту. Зноў зьвязваемся зь Мельнікавым. Нічога канкрэтнага сказаць ня можа. Відаць, тэлефон яго праслухоўваецца.

Між тым набліжаемся да другога кардону. На дзіва, тут нас мянты не чапаюць. Васіль тлумачыць гэта так: не чапаюць, бо мяркуюць, што мы прывядзем іх да месца фэсту. Добрая ідэя, ды нерэалізуемая.

Па дарозе туды‑сюды езьдзяць міліцэйскія машыны. Адны нас абганяюць і вяртаюцца назад, іншыя абганяюць і спыняюцца на бліжэйшым павароце. А мянтоўскі «фургончык» заязджае на пагорак і за намі адтуль сочаць. Маўляў, каб бачыць калі мы раптам збочым.

‑ Ужо сьцямнела. Дастаньце сьветаадлюстроўваючыя элемэнты, ‑‑ даносіцца з машыны зь мігалкамі.

Перад чарговым паваротам у бок Дняпра заўважаем дзядзьку, які нам называе новае месца фэсту. І дадае, што дзесьці ззаду за намі ідзе Мельнікаў. На самым павароце стаіць іншамарка. Гэта журналісты з Дойчэ Вэле. Яны пацвярджаюць, што Мельнікаў ззаду, але не ідзе, а едзе. Праз хвілінаў 15 пад’ехалі дзьве машыны. Гэта Мельнікаў і кампанія. Пакуль у барда бяруць інтэрвію, прыходзіць навіна аб затрыманых на прызхначаным месцы пад фестываль. Рушым наўпрост да Дняпра, дзе сабралося ўжо чалавек трыццаць. На рэчцы Крапівеньцы застаўся Алесь Пушкін і разам зь ім чалавек дваццаць пяць. Прыйсьці да нас яны ня рызыуцюць, каб не натрапіць на мянтоў. Так і адзначааем Дзень вайсковай славы двума гуртамі ў двух месцах, толькі не на самым месцы перамогі князем Астроскім маскалёў.

Фэсту хоць і не атрымліваецца, затое ёсьць магчымасьць паслухаць улюблёнага барда.

Дзесьці апоўначы зьяўляецца Павал Севярынец. Менавіта з‑за яго сёлета такія меры перасьцярогі. Пагалоску аб яго магчымай прысутнасьці пусьцілі аршанскія дэмакраты за некалькі дзён да фэсту. Але, як было бачна, да апошняга моманту пагалосцы ня верылі нават самі арганізатары.

Ня вытрымліваючы холаду, каб дасядзець да раніцы, іду ў намёт. Там не нашмат цяплей. Таму заснуць не атрымліваецца. Так з маім суседам і ляжым з заплюшчанымі вачыма да раніцы. Трэсучыся слухаем сьпевы.

Пачынае сьвітаць. Нехта пачынае хадзіць вакол намётаў і заклікаць прачынацца ды ісьці да крыжа на Крапівенскім полі. Маладафронтаўцы пачынаюць крычаць адну з сваіх «крычалак» з незусім прыстойным зьместам. І ўжо праз некалькі хвілінаў да мяне далятае:

‑ Прад’явіце для праверкі дакумэнты.

‑ І што гэта за клічы такія…

Гэта мянты і спэц‑наз.

Мы з суседам пачынаем хутка складаць рэчы. Пакуль разьбіраем намёт, мянты перапісваюць пашпартныя дадзеныя ў тых, хто сядзіць ля вогнішча. Мы ня вельмі сьпяшаем ісьці да ўсіх. А калі падыходзім, мянты нас нібы і не заўважаюць. Так зноў шанцуе.

Некалькі чалавек спэцназаўцы вядуць да аўтазаку. Напэўна тых, у каго не было пашпартоў. Севярынец вырашае застацца з тымі, хто яшчэ не прачнуўся. А Андрэй Мельнікаў выводзіць групу з дванаццаці чалавек на шашу.

На аўтобусным прыпынку сустракаем колькі чалавек з гурта Пушкіна. Я застаюся зь імі чакаць транспарту на Воршу. Бард жа зь невялікай групай скіроўваецца да Крапівенскага поля.

Па шашы праязджабць мянты. Ад’ехаўшы нянадта далёка, спыняюцца. Праязджаючый маршрутцы у «мацюгальнік» загадваюць не спыняцца на нашым прыпынку. Так праязджае і наступная маршрутка. Жаданьне без прыгодаў дабрацца да Воршы зьнікае. Між тым на прыпынку сабралося чалавек з дваццаць — усе з фэсту. На гарызонце зьяўляецца аўтобус. На дзіва і на шчасьце, ён спыняецца. Але пакуль едзем да Воршы ў галаву лезуць розныя непрыемныя думкі. Цалкам супакайваюся толькі тады, як электрацягнік ад’язджае ад вакзалу.

Чатыры з паловай гадзіны і мы зноў у Менску. Прамерзшыя за ноч да костак усё ня можам сагрэцца. Але пра паездку не шкадуем. Усёткі мы перамаглі і на гэты раз. «Ня трэба баяцца, ‑‑ гаварыў увесь час дзядзька Васіль. — Хай яны, мянты, баяцца Мы — гаспадары на нашай зямлі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?