Карэспандэнт Бі-бі-сіпаведамляе, што ён асабіста налічыў не менш за 50 целаў забітых каля дзвюх палявых шпіталёў побач з мячэццю Рабаа аль-Адавія на ўсходзе Каіра, дзе егіпецкія спецслужбы разагналі адзін з намётавых гарадкоў пратэстоўцаў, якія патрабавалі аднаўлення ва ўладзе дэмакратычна абранага прэзідэнта Махамеда Мурсі.

Падпарадкаванае вайскоўцам Міністэрства аховы здароўя Егіпта заяўляе пра 235 забітых і 3000 параненых падчас сённяшніх падзей у Егіпце па ўсёй краіне. «Браты-мусульмане» называюць лічбу ў некалькі тысяч забітых.

Прыведзены да ўлады арміяй пераходны прэзідэнт Егіпта абвясціў аб увядзенні ў краіне надзвычайнага становішча, якое будзе дзейнічаць на працягу месяца.

«Браты-мусульмане», або па-іншаму кажучы «Мусульманскае брацтва» — гэта рэлігійны ісламскі рух узаемадапамогі. Менавіта ягонае палітычнае крыло перамагло на першых пасля рэвалюцыі дэмакратычных выбарах. Ягоная платформа блізкая да турэцкіх дэмакратычных ісламістаў. Аднак спробы грамадскіх пераўтварэнняў выклікалі процідзеянне і нават сабатаж з боку слаёў, якія панавалі ў Егіпце ў часы Мубарака. Перыяд нестабільнасці скончыўся вайсковым пераваротам.

Еўрасаюз і ЗША маўкліва прынялі вайсковы пераварот, але рэзка асудзілі расстрэл 14 жніўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?