Каля сельвыканкама ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна ўчора адбыўся народны сход, арганізаваны вяскоўцамі, на якім прысутнічала 150 чалавек.
З запрошанага кіраўніцтва былі старшыня Сялецкага сельвыканкама Уладзімір Хілько, намеснік старшыні Бярозаўскага райвыканкама Данута Гардзеева, в.а. сельгасупраўлення Аляксей Жоўцікаў і галоўны ветдоктар раёна Генадзь Белавешкін. Запрошаныя адпаведныя супрацоўнікі з Брэсцкай вобласці і работнікі пракуратуры раёна і вобласці запрашэнне праігнаравалі.
Галоўная мэта сходу -- дабіцца адмены рашэння Бярозаўскага райвыканкама ад 5 жніўня аб ліквідацыі свіней да 15 жніўня з прыватных падворкаў у 17 вёсках, якія трапілі ў 5-кіламетровую зону ля невялікіх фермаў вёсак Сашыца і Хойнікі або дабіцца адтэрміноўкі рашэння для таго, каб мець магчымасць абскардзіць у вышэйшых інстанцыях.
Сяльчане спасылаюцца на тое, што раён не ўваходзіць у 40-кіламетровую буферную зону ад эпіцэнтра эпідэміі, а фермы маюць малое пагалоўе і не адпавядаюць санітарна-гігіенічным патрабаванням фермаў.

Падтрымкі ў прысутных чыноўнікаў людзі не знайшлі. Тыя патрабавалі падпарадкавацца рашэнню, а потым ужо скардзіцца. Паабяцалі данесці кіраўніцтву раёна патрабаванні людзей, якія пазначаны і ў пратаколе сходу.

Людзі рашуча настроены абараняць сваю ўласнасць, бо для большасці свінагадоўля дапамагае выжыць пры пенсіі або заробку ў паўтара мільёна рублёў.

Данута Гардзеева запэўніла, што кампенсацыя крыху больш за 18 тысяч рублёў за кілаграм і 600 тыс. рублёў за галаву да 30 кілаграм будзе выдадзена з бюджэту на другі дзень пасля здачы.

Але людзі не паверылі, паколькі ў акце аб утылізацыі пункт аплаты адсутнічае, і яго адмовіліся туды ўнесці нават па патрабаванні людзей.
Аляксей Жоўцікаў сказаў, што адказных за аплату няма.

Людзі настроены рашуча змагацца за сваю прыватную ўласнасць. Яны збіраюцца абскарджваць пастанову райвыканкама ў аблвыканкаме, пракуратуры і судах.

Святлана Калінкіна. ХХІ ст. Беларускі супраціў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?