Ва ўзросце 83 гадоў (29.06.1930) памёр вядомы польскі пісьменнік Славамір Мрожак.Ён быў аўтарам сатырычных апавяданняў і драматычных твораў. З 2008 года ён жыў у французскай Ніцы.

Славамір Мрожак дэбютаваў у якасці карыкатурыста ў 1950 г., а ў 1953 г. апублікаваў серыю малюнкаў. У той жа час выпусціў першы зборнік апавяданняў.

Першая п’еса Мрожака выйшла ў 1958 годзе, а п’еса «Танга» 1964 года робіць драматурга сусветна вядомым. У 1963 г. Мрожак эмігруе з Польшчы ў ЗША, пасля ў Францыю, затым у Мексіку.

Беларусь, як і іншыя краіны Усходняй Еўропы, трапіла пад моцны уплыў Мрожака, які стаў першым драматургам-абсурдыстам, чые п’есы паставілі ў СССР.

У 1996 г. Мрожак вярнуўся ў Польшчу. У 2002 годзе перажыў інсульт, што прывяло да страты маўлення. З дапамогай тэрапіі, якая працягвалася каля трох гадоў, вярнуў сабе здольнасць пісаць і размаўляць.

У 2008 г. выехаў з Польшчы ў Францыю. Па яго словах, у Ніцы быў больш спрыяльны клімат, паведамляе Wyborcza.pl

«Мрожак наблізіў камуністычны тэатр да сусветных стандартаў, гэта быў сапраўдны прарыў, — расказвае тэатразнаўца Вячаслаў Ракіцкі, які пераклаў некалькі п’ес Мрожака.
— Галоўнай тэмай у ягонай творчасці было ўварванне ўлады ў асабістую прастору чалавека. У камуністычным тэатры, зразумела, такая тэма не закраналася».
«Менавіта з ягоным імём звязана ўзнікненне студыйнага тэатральнага руху ў 80-я гады. — кажа Ракіцкі. — Мрожак і Ружэвіч назаўжды змянілі аблічча беларускага тэатра, адной з тых першых пастановак стаў «Стрыптыз», які паставіў Рыд Таліпаў у сваім тэатры-студыі ў сутарэннях на плошчы Перамогі.
Мрожака ставіў Мікалай Пінігін — у Гродненскім тэатры лялек. Тэатр імя Янкі Купалы паставіў «Дом на мяжы» ў маім перакладзе — п’есу пра тое, як улада кантралюе чалавека, дзе б ён не знаходзіўся: за сталом, у ложку. Гэта была надзвычай актуальная пастаноўка.
Тады беларускі тэатр дзякуючы Мрожаку зрабіў сапраўдны прарыў — ад традыцыйнага рэалізму, да інтэлектуальнага тэатра, тэатра парадоксу.
Да таго ж для Беларусі вельмі важны публіцыстычны кантэкст у творах Мрожака — ягоныя пастаноўкі сталі сапраўдным тэатральным пратэстам».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?