Сом адкрыў нараду,
Выступіў з дакладам,
А язь сакратарыў,
Сеўшы з сомам радам.

Якуб Колас. Рак-вусач. 1938.

Што здаецца нам пачварным? Зазвычай тое, што не адпавядае нашым уяўленням пры звычайнасць.

Чытаючы кнігі пра прыроду далёкіх краёў, гартаючы альбомы з пярэстымі карцінкамі, напоўненымі рознымі пачварамі, мы захапляемся далёкім светам тропікаў, што падаецца нам невераемна прыгожым і невераемна ж небяспечным… Прыкладна так і ёсць. Але ў тых краях жывуць цяпер мільярды людзей, а месца для тамтэйшых пачвараў і пачварыкаў усё меней.

Самы — ненажэрныя драпежнікі. Малюнак аўтара.

Самы — ненажэрныя драпежнікі. Малюнак аўтара.

У нашай краіне людзей менее, пусткі парастаюць лесам, колішнія асушаныя балоты ізноў становяцца часткаю прыроды. І тут, паміж пустак, балот беларускай зямлі, на ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, цікаўнаму воку можа трапіцца багата ўсяго незвычайнага, то бок амаль пачварнага. І дзеля такое сустрэчы няма патрэбы ехаць аж, напрыклад, у Афрыку.

Ці часта вам даводзілася бачыць сапраўднага сома? З мяккай і слізкай скураю. З вялізарнай пляскатай галавою. З маленькімі вочкамі абапал шырачэзнае зяпы.

Мала хто з нас, сухапутных істотаў, можа ацаніць разнастайнасць яго афарбоўкі: ад амаль чорнае да залаціста­аліўкавае, з плямамі на баках. А вось трыбушыска ягонае амаль заўжды бялюткае, часам з залацістым адлівам...

Голымі рукамі не возьмеш

Сом — сапраўдны валадар падводнай Беларусі. Калі сквапнага драпежніка шчупака можна параўнаць з ваўком, дык магутны сом — як мядзведзь ці зубр.

Праўда, велічыня сома наўпрост залежыць ад клімату, у якім ён жыве і гадуецца. У прахалоднай Карэліі сом не расце большым за 10 кг, а ў цёплым Дунаі, кажуць іхтыёлагі, ён можа дасягаць пяці метраў даўжыні і трохсот кіляў вагі! Вось такія нацыянальныя рысы самоў звычайных.

У Беларусі ж можна даволі дакладна пералічыць вагу сома на ягоны век. У 1 год гэта будзе 20—30 см ды 100—200 грамаў вагі, а даўжыня 15-гадовай рыбіны будзе каля двух метраў і заважыць яна 50—64 кг. Гэта значыць, той 57-кілаграмовы сом, пра якога згадваў Лукашэнка, быў такога веку. Дзіця незалежнае Беларусі! Насуперак байкам, беларускі сом жыве не сто і не трыста, а ўсяго блізу 35 гадоў.

Лавілі самоў-гігантаў спе­цыяльнымі вудамі, нератамі, сеткамі, а найчасцей — білі восцямі. З голымі рукамі да сома лепей не сунуцца. Зубы ў яго хоць і дробныя — разлічаныя не на тое, каб адкусіць, а на тое, каб утрымаць, — затое ў два рады. Не абыдзецца без парэзаў і дробных ранаў. Можна, вядома, у пальчатках, але рызыка занесці ў ранку інфекцыю і нават страціць пальцы ўсё адно вялікая: раптам трапіцца 70-кілаграмовы экзэмпляр?

У межах Варшаўскай дамовы

Самы пашыраны і спрадвечны від беларускіх самоў — Silurus glanis. Сом звычайны або еўрапейскі. Хоць і завецца ён еўрапейскім, аднак жыў толькі ад Урала да заходняй мяжы ГДР і за межы колішняй Варшаўскай дамовы выйшаў толькі ў апошнія дзесяцігоддзі. Цяпер еўрасамы борхаюць у твані затокаў Італіі, Францыі і нават далёкай Іспаніі.

Што праўда, пабачыць сома ў яго натуральным асяроддзі нават з дапамогай акваланга цяжка. Рыбіна надзейна хаваецца ў норах, вірах сваіх і толькі ўначы соваецца па вадаёмах, шукаючы спажывы.

Самы, дарэчы, ненажэрныя драпежнікі. Яны здабываюць спажыву пераважна з засады — пры набліжэнні ахвяры знянацку ўцягваюць здабычу ў вялізную пашчу з моцным струменем вады. У пашчу сома можа трапіць не толькі рыбіна ці якая няшчасная жаба, але і розныя прыводныя жыхары, ад куторы да хахулі, а таксама птушкі і нават неабачлівыя сабакі! Апісаныя выпадкі, калі ў вантробах самоў знаходзілі чалавечыя парэшткі… Праўда, каб паквапіцца на чалавека, сом, нават пры сваёй рэкорднай пашчы, мусіць мець адпаведную ўмяшчальнасць: быць не меней за два з гакам метры ў даўжыню! І такія трапляюцца ў беларускіх водах... Хоць такому схавацца ад фатографаў ужо амаль няма дзе: беларусы масава выкладаюць у інтэрнэт здымкі са злоўленымі самамі-гігантамі.

І клей, і шыбы

Сом — спрадвечны персанаж беларускага фальклору ды літаратурнае класікі. Памятаеце бойку за рыбіну ў Караткевічавым «Хрысце»: «Вялізны сом сажня ў паўтара — калі не ў два — даўжынёй. Відаць, ён заблытаўся ў адну мярэжу, пацягнуў яе, наскочыў на другую і зблытаў іх. Сом гэты біўся, раскрываў шырокі рот, плямкаў грыбамі, варушыў вусамі і вытрэшчваў маленькія вочы».

Каларытны выгляд сома стаў падставаю для шматлікіх твораў нашага мастацтва — ад нацюрмортаў Івана Хруцкага да сузор’я кніжных графікаў ХХ стагоддзя — Валянціна Ціхановіча, Анатоля Волкава, Яўгена Куліка, Уладзіміра Савіча, Міколы Купавы, якія стварылі цэлую галерэю вобразаў Сома.

Сом спрадвеку знаходзіў прымяненне і ў народнай гаспадарцы беларусаў. Яго не толькі елі. Колісь, як не было шкла, зацягвалі вокны сомавай скурай. А з плавальнага пухіра варылі выдатны клей!

Дарэчы, пра гастранамічныя якасці. Часта кажуць, што сомавае мяса тхне тванню. Але той, хто каштаваў свежую саміну, ніколі не пагодзіцца. Яна, наадварот, вельмі далікатная, амаль без костак, але, што праўда, тлуставатая. Аднак гэта справа густу.

Дарэчы, насуперак стэрэатыпам, сом не любіць гразі. Ён у дажджлівае надвор’е нават падымаецца да паверхні, дзе вада трохі чысцейшая.

Канкурэнты амерыканскія і афрыканскія

Апроч нашае спрадвечнае тутэйшае пачвары — еўрасома, у беларускіх водах у міжваенны час завёўся і амерыканскі сом — плямісты, ад жаўтаватага да чорнага колеру з чатырма парамі вусоў на шырокай зяпе ды з шыпамі на плаўніках. Дзіва, што такая істота не выклікае на Берасцейшчыне, дзе ён спакойна жыве, асаблівага даверу. Таму і не ловяць! А з тае самае Афрыкі ў апошнія гады завезлі і афрыканскіх самоў — кларыясаў. Іх лепей разводзіць, бо, у адрозненне ад нашых самоў-індывідуалістаў, могуць жыць у цяснейшых умовах, у вадзе з меншым утрыманнем кіслароду. Але ў даўжыню тыя афрыканскія пачвары сягаюць усяго 170 см і вагою ледзь дацягваюць да 60 кг. Куды ім да нашых!

Лукашэнка сцвярджае, што злавіў сома вагой 57 кілаграмаў

Кіраўнік Беларусі на нарадзе, якая прайшла 30 ліпеня, распавёў пра рыбалку на Прыпяці: «Палец сунеш, за палец рыба хапае! Я асабіста… 57 кілаграмаў сома выцягнуў: 57, 24 і 7 кілаграмаў. Трох самоў злавіў!»

Прысутны на нарадзе віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы пажартаваў: «З мяне ростам». «Ну не вагой жа», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін нядаўна злавіў у Туве «гіганцкага шчупака», але яго вага толькі 21 кг. Аповед пра самоў многія палічылі пакепліваннем з Пуціна. Інтэрнэт­жартаўнікі адказалі на заявы шквалам пародый.

Скура

У сома тоўстая слізкая і без лускі, што дазваляе яму лёгка плаваць між водарасцяў.

Пашча

У ёй — толькі дробныя зубы, таму сом заглынае здабычу цалкам.

Вусы

Шчыльныя, мяккія і гнуткія, яны абсталяваныя рэцэптарамі дотыку і смаку — імі сом «бачыць» лепей, чым падслепаватымі вачыма.

Хатні ласось з вэнджанага сома (з кнігі «Літоўская гаспадыня»)

Нашы продкі лічылі мяса сома далікатэсным і прыдатным для вырабу такіх спецыялітэтаў, як, напрыклад, ласосіна з сома.

Свежага сома выпатрошваюць і выціраюць сурвэткай, соляць, як звычайна ўсялякую рыбу, але на кожную палову кварты (500 гр) солі дадаюць тры чвэрці лота

(9,6 гр) салетры. Праз тры­чатыры дні адразаюць рыбіне галаву, вымаюць костку з хрыбта, а сома рэжуць на чатыры паласы ўздоўж і вывешваюць на вольнае паветра, каб яны падсохлі ў цяньку. Два-тры месяцы сома падаюць на стол (на снеданне) замест ласосіны, пакуль пачне ялчэць. Калі ўжо стане непрыдатны да закускі, выкарыстоўваюць у пост для супоў, пірагоў з начынкай. Вешаюць рыбу за хвост, бо ў ім найбольш тлушчу, што, сплываючы на іншыя часткі, надае сому крохкасць і смак.

Можна таксама выняць рыбу з солі, старанна абсушыць, укруціць у паперу, каб знізу праходзіў дым, і павесіць хвастом уверх у халодны дым на тры — пяць дзён. Вэнджаны сом захоўваецца даўжэй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?