Скрыншот з відэа Onliner.by. Кадр зроблены з боку мужчынскай прыбіральні.

Скрыншот з відэа Onliner.by. Кадр зроблены з боку мужчынскай прыбіральні.

У модным мінскім клубе «Blondes & Brunettes» наведвальнікі заўважылі цікавую незвычайнасць. Адна са сцен жаночай прыбіральні — насупраць ракавін, не насупраць кабінак, вядома — зробленая з люстэрка. Аказваецца, з мужчынскага боку гэтая ж сцяна — празрыстая.
Дзяўчаты і не здагадваліся, што кожны хлопец можа назіраць, як яны наводзяць марафет.
Уладальнік клуба, вядомы рэстаратар Вадзім Пракоп’еў нічога асаблівага ў такім фокусе не бачыць — маўляў, гэта проста жарт, а тым, хто яго не разумее, проста бракуе пачуцця гумару. Але многія сітуацыю з люстэркам называюць не нармальнай.

«Сама гэтая фішка адлюстроўвае ўстаноўкі і спадзяванні рэстаратара прадставіць Беларусь «аазісам прыгажосці» і нагадвае беларускія конкурсы прыгажосці, — разважае Ірына Саламаціна, ініцыятар праекта „Гендарны маршрут: фестываль ідэяў пра пол», — з той толькі розніцай, што

кастынг ажыццяўляецца ў клубнай мужчынскай прыбіральні.
Мэтавая аўдыторыя ўстановы, па словах рэстаратара, гэта заможныя мужчыны, здольныя візуальна «даказаць» сваю заможнасць. Значыцца, павінны быць і эталонныя жанчыны, бо яны якраз і здольныя пацвердзіць мужчынскія статусы».

Ірына зазначае, што жанчын у клубе не ўспрымаюць як паўнавартасных кліентак, здольных самастойна заплаціць за свой адпачынак, іх тут частуюць бясплатнымі кактэйлямі.

Але яны запатрабаваныя як «жаночыя целы» — аб’екты мужчынскіх вуаерысцкіх жаданняў, і люстэрка-шкло якраз падкрэслівае гэтую магчымасць да іх ўладання.

Гэта яскравы прыклад аб’ектывацыі жаночага цела у грамадскім месцы, наўпрост, зневажальны сэксізм.

«Мне цяжка ўявіць такую сітуацыю ў Швецыі, — разважае эксперт у галіне гендарнай роўнасці і сітуацыі ў постсавецкіх краінах Яна Фролен. —

Месца такога люстэрка — у музеi сучаснага мастацтва ці на сцэне палітычнага тэатра,
бо тут грамадства апярэджвае развіццё ў постсавецкіх краінах, можа, на паўстагоддзi. Фундаментальныя ідэі пра правы людзей на роўныя магчымасці падтрымліваюцца большасцю.

Структурная няроўнасць паміж поламі пачынаецца і падтрымліваецца такімі, здавалася б, неістотнымі рэчамі, як гэтае люстэрка ў прыбіральні мінскага клуба».

У постсавецкіх краінах феміністычны рух часцяком успрымаецца як варожы і атаясамліваецца са скандальнымі праектамі ўкраінскай феміністычнай суполкай «Фемен».

Але падмурак сапраўднай феміністычнай ідэі у тым, што біялагічны пол чалавека не павінен уплываць на выбар прафесіі, рысы характара, памер заробку і кар’ерны рост.

У Швецыі барацьба за роўныя правы і магчымасці не спыненая. У мужчын большы заробак і яны займаюць большасць высокіх пазіцый на працоўным рынку, таму гендарныя пытанні абмяркоўваюцца часта і гучна. Яна Фролен прыводзіць адзін з апошніх прыкладаў — у Даніі існуе тэлепраграма, дзе два мужчыны ацэньваюць голыя целы жанчын у студыі.

Культуролаг Юлія Чарняўская прапануе вырашэнне праблемы:

«Было б больш справядліва, калі б перад уваходам вісела хоць якая шыльдачка. Калі дзяўчыны згодныя ўдзельнічаць у такім «жарце» — калі ласка, а зараз у іх проста няма выбару».

«Асабіста я бачу ў сітуацыі з люстэркам два парушэнні, — каментуе сітуацыю юрыст Сяргей Зікрацкі. —

Па-першае, гэта ўмяшальніцтва ў прыватнае жыццё, па-другое — парушэнне роўнасці палоў.

На памяшканні такога тыпу мусіць распаўсюджвацца таямніца прыватнага жыцця. Прыбіральня — гэта традыцыйнае месца, у якім мы менш за ўсё чакаем, што за намі падглядаюць. А калі нехта глядзіць — гэта ёсць парушэнне, за яго можна патрабаваць кампенсацыю маральнай шкоды».

Але юрыст зазначае:

праблема ў тым, што практыка па абароне прыватнага жыцця ў Беларусі не вялікая.
Ёсць некаторыя рашэнні, але ў іх выпадкі відавочныя і носяць крымінальны характар. А ў гэтай сітуацыі мяжа даволі слізкая.

Гарантаваць, што суд стане на бок пакрыўджанай дзяучыны і вынясе рашэнне супраць клуба, нельга. Калі б было больш пазоваў, была б судовая практыка па такіх справах. Хоць, па меркаванні юрыста, парушэнне ўсё ж ёсць.

«Другое пытанне наконт гэтай сітуацыі — яшчэ больш дыскусійнае, — працягвае Зікрацкі. — Яно тычыцца гендарнай роўнасці,

бо чаму люстэрка празрыстае з боку мужчынскай прыбіральні, а не наадварот?
На мой погляд, гэта таксама можна разглядаць як парушэнне роўнасці палоў.

Можна ў гэтым выпадку спасылацца на Канстытуцыю, якая гарантуе роўнасць правоў мужчыны і жанчыны. Але пазоў у такім выпадку — хутчэй тэарэтычная задумка, чым практычная.

Я не памятаю, каб нехта падаваў пазоў, спасылаючыся выключна на Канстытуцыю. Хоць гэта магчыма, бо гэта асноўны закон краіны».

* * *

Што Вы думаеце наконт гэтай сітуацыі? Ці дапушчальная яна? Выказвайце ў каментарах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?