Часта можна пачуць меркаванне аб тым, што, маўляў, Расія ўбухвае мільярды даляраў у беларускую эканоміку, а ад Еўрасаюза такой шчодрасці пры любым раскладзе чакаць не выпадае. Таму і вымушана беларускае кіраўніцтва ісці ў Еўразійскі саюз, а не будаваць лепшыя адносіны з ЕС. Але ці правільны зыходны тэзіс?

Звернемся да лічбаў. Зараз (па праграме на 2012-13 гг.) еўрапейская дапамога Беларусі складае каля 57 мільёнаў еўра (што цікава, амаль 21 з гэтых мільёнаў выдаткоўваецца на «эканамічную мадэрнізацыю»). Калі параўноўваць з папярэднім бюджэтным перыядам, то гэтая дапамога істотна вырасла (з 46 млн. за 2007-2011 гг.).

Усяго з 1991 года Еўрасаюз уклаў у Беларусь паўмільярда еўра. Для параўнання, за адзін толькі 2012 год субсідыі Расіі склалі каля 10 мільярдаў, праўда, у далярах (гэта 16% ад ВУП). Зыходзячы з гэтых лічбаў, тэзіс пацвярджаецца — расійскія датацыі проста непараўнальныя з еўрапейскай дапамогай.

Але ўявім сабе, што Беларусь вырашыла адмовіцца ад АЭП і задэкларавала жаданне ўступіць у ЕС. Як зменіцца стаўленне Еўрасаюзу?

Для краінаў-кандыдатаў на ўступленне ў ЕС адкрываюцца зусім іншыя фінансавыя магчымасці. Вось колькі атрымліваюць ад ЕС некаторыя ўступаючыя краіны толькі за адзін 2013 год:

Калі ж краіна ўжо далучылася да Саюза, то яна атрымлівае фінансаванне з фондаў, задача якіх — падцягнуць навічкоў да сярэдняга ЕСаўскага ўзроўню. А гэта ўжо зусім іншыя лічбы. Вось колькі Брусэль выдаткоўваў на падтрымку краін «Вялікага пашырэння» 2004 года ў адсотках ад ВУП гэтых краін (перыяд 2004-06 гг.).

Больш свежы прыклад — Польшча, якая атрымае з новага бюджэту ЕС (на 2014-2020 гг.) ажно 76 млрд еўра. Беларусь столькі не атрымала ад Расіі за ўсе гады інтэграцыі ўзятыя разам.

Якую можна зрабіць выснову? А такую, што кошт геапалітычнай пераарыентацыі Беларусі не такі ўжо і катастрафічны, як тое часта прадстаўляецца. Адзінае, што дармовых грошай на падтрымку штаноў у выпадку еўраінтэграцыі ўжо не будзе. ЕСаўскія субсідыі мусяць ісці на рэформы і падвышэнне канкурэтаздольнасці. Але адказны ўрад пра гэта мусіць дбаць і без усялякіх інтэграцый.

* * *

Дзяніс Мельянцоў. Старшы аналітык BISS. Магістр паліталогіі (Інстытут міжнародных адносін і палітычных навук пры Віленскім універсітэце). Зараз займаецца падрыхтоўкай кандыдацкай дысертацыі па тэме адносін Беларусі з NATO. Навукова-даследчыя інтарэсы: замежная палітыка Беларусі, беларуска-еўрапейскія адносіны, міжнародная і еўрапейская бяспека, дыпламатыя, Еўрасаюз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?