Аляксандр Лукашэнка ўхваліў стварэнне нацыянальнай холдынгавай структуры «Беларуская цэментная карпарацыя». Пра гэта ішла гаворка 16 жніўня падчас наведвання прэзідэнтам філіяла «Крычаўцэмент» ААТ «Крычаўцэментнашыфер» (Магілёўская вобласць).

Плануецца, што ў склад холдынга ўвойдуць тры прадпрыемствы па вытворчасці цэменту — Беларускі цэментны завод, ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» і ААТ «Крычаўцэментнашыфер», а таксама транспартна-лагістычная кампанія. Стварэнне гэтай структуры мяркуецца ў 2014 годзе, у 2015-м — прыцягненне стратэгічнага інвестара.

У выніку інтэграцыі чакаецца зніжэнне сабекошту будаўнічых матэрыялаў, вырабленых на аснове цэменту і вапны, рост валавога дададзенага кошту, рэнтабельнасці продажу, выручкі на аднаго работніка, асваенне новых відаў канкурэнтаздольнай прадукцыі з цэменту з высокім дададзеным коштам, пашырэнне рынкаў збыту, рост аб’ёмаў продажы і валютнай выручкі.

«Калі вы вырашылі ствараць такі холдынг, кіраўнікі прадпрыемстваў не супраць, гэта прынясе эфектыўнасць, — дзейнічайце», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

«Але калі вы такім чынам думаеце зарэтушаваць праблемы — не атрымаецца. У канцы павінна быць эканоміка, эфектыўнасць. Я не буду у вас пытацца, па якой цане закупляеце сыравіну, прадаяце гатовую прадукцыю, мяне будзе цікавіць агульны вынік. Таму, робячы гэты крок, адразу думайце, як вы будзеце рабіць справаздачу па эканоміцы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, холдынг павінен паказваць эфектыўную працу. «Прыбытак, рэнтабельнасць — гэта добра, але павінны быць грошы», — дадаў Лукашэнка. Стварэнне такога холдынга павінна быць неабходнасцю, а не данінай модзе, лічыць ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?