Маленькая люстраная фігурка каштуе неапраўдана дорага для сваіх памераў — каля 3,5 тысяч. Магчыма, разьлік на тое, што непараўнальна большыя штрафы ўсё ж прымусяць беларусаў расшчодрыцца на незвычайную пакупку.

Кіраўніцтва МУС абвясціла своеасаблівую ўсеагульную мабілізацыю міліцыянераў на барацьбу з дарожна‑транспартнымі здарэннямі ў цёмны час сутак.

Як паведамілі ва ўпраўленні Дзяржаўтаінспекцыі МУС краіны, міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў выдаў загад, паводле якога ўвесь асабовы склад беларускай міліцыі задзейнічаны ў навядзенні належнага парадку на аварыйна‑небяспечных участках дарог. У прыватнасці, супрацоўнікі органаў унутраных спраў не толькі актыўна выяўляюць пешаходаў, веласіпедыстаў, вадзіцеляў гужавога транспарту, якія не абазначаюць сябе ў цёмны час сутак святлоадбівальнымі элементамі, але і падрабязна тлумачаць несвядомым грамадзянам неабходнасць выкарыстання флікераў. Асобы, якія не рупяцца начапіць гэты невялічкі значок ці стужачку, нярэдка становяцца ахвярамі ДТЗ. Напрыклад, нядаўна ў Смалявіцкім раёне пад коламі аўтамабіля ноччу загінула жанчына, якая рухалася па праезнай частцы дарогі без флікера.

Каб выправіць сітуацыю, Дзярж‑аўтаінспекцыяй 20 жніўня была абвешчана спецыяльная бестэрміновая акцыя «Стань заўважным у цемры!» У рамках гэтай акцыі праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы і штодзённая тлумачальная праца з насельніцтвам. Але заклікі і просьбы міліцыянераў да цёмных у прамым і пераносным сэнсе слова пешаходаў апошнімі не заўсёды прымаюцца да ведама, таму вартавыя правапарадку зараз караюць рублём непаслухмяных удзельнікаў дарожнага руху. З пачатку акцыі да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты больш за 6 тысяч пешаходаў, якія ў цёмны час сутак, рухаючыся па праезнай частцы дарогі, не абазначылі сябе флікерамі. За падобнае парушэнне прадугледжаны штраф у памеры ад 31 тыс. да 93 тыс. рублёў.

Мікола Дзябёла, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0