Пра цеснае супрацоўніцтва з Кітаем у Беларусі кажуць не першы год. Заяўлена пра буйныя інвестыцыйныя праекты ў будаўніцтве, інфармацыйных тэхналогіях і машынабудаванні. Для працы з кітайцамі ствараюцца асаблівыя прававыя і эканамічныя ўмовы. Чаго ў гэтым супрацоўніцтве больш - фінансавай выгады або ідэалагічнай падтрымкі?

Старшы аналітык BISS Дзяніс Мельянцоў тлумачыць цеснае супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем хутчэй не эканамічнай, а палітычнай выгадай.

- Кітай не выстаўляе Беларусі палітычных умоваў. Гэта буйная краіна, гатовая інвеставаць у маштабныя праекты. Аднак варта разумець, што субсідыяваць эканоміку нашай краіны, як гэта робіць Расія, урад КНР не стане, - адзначае эксперт.

Для Беларусі ж супрацоўніцтва з Кітаем - магчымасць паказаць свету, што яна працуе з сусветным лідарам, заручыцца палітычнай падтрымкай на міжнароднай арэне. Тавараабарот паміж краінамі - на баку Кітая.

- Так што для Беларусі ў гэтым супрацоўніцтве палітычнай выгады значна больш, чым эканамічнай, - падсумоўвае Дзяніс Мельянцоў.

Для Кітая, на думку эксперта, Беларусь цікавая як рынак збыту сваёй прадукцыі.

- Існуе версія, што Кітай будзе пераносіць «брудную вытворчасць» на нашы тэрыторыі, хоць пацверджанняў гэтага мы пакуль не маем. Аднак ужо цяпер зразумела: Кітай зацікаўлены ў тым, каб прадукцыя сумесных прадпрыемстваў праз Беларусь ішла на еўрапейскі рынак, а таксама ў тым, каб працаўладкаваць сваіх працоўных. Вялікая імавернасць масавай міграцыі ў Беларусь у сувязі з будаўніцтвам індустрыяльнага парку пад Смалявічамі, - лічыць Дзяніс Мельянцоў.

Наколькі выгадныя кітайскія інвестыцыі?

Асноўны тып інвестыцыйнага супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем - гэта праектнае фінансаванне, у той час як памер непасрэдных замежных інвестыцый з Кітая, на якія Беларусь вельмі спадзяецца, - застаецца малым.

Праектнае фінансаванне - гэта кітайскія інвестыцыі ў канкрэтныя праекты (напрыклад, мадэрнізацыя канкрэтнага беларускага завода або вытворчасці) з параўнальна малой крэдытнай стаўкай, і Беларусь бярэцца аддаваць гэтыя грошы з даходаў, якія дасць гэты завод або праект. Фактычна такая схема ўяўляе сабой мэтавы крэдыт, які выдаецца кітайскім бокам.

Выгада ад супрацоўніцтва з Кітаем па такой схеме - меншая крэдытная стаўка ў параўнанні з расійскімі і заходнімі крэдытамі. З іншага боку, ёсць рэальныя і патэнцыйныя выдаткі.

- Перш за ўсё, такія ўгоды традыцыйна змяшчаюць пункт аб тым, што не менш за 50-70% матэрыялаў і абсталявання для рэалізацыі праекта Беларусь павінная замовіць непасрэдна ў Кітая. Гэта вядзе да павелічэння адмоўнага гандлёвага сальда з Кітаем і абмяжоўвае Беларусь у пошуку іншых пастаўшчыкоў прадукцыі, з больш выгадным варыянтам па якасці і цане. Гэта можа адбівацца на якасці абсталявання. Як прыклад - аварыя кітайскай турбіны на мінскай ЦЭЦ-5, - адзначае аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Елісееў.

Такім чынам, Кітай праз звязаныя крэдыты збывае сваю прадукцыю і мае пэўны прыбытак у выглядзе выплат па крэдыце. Беларусь жа прыцягвае грашовыя рэсурсы для мадэрнізацыі пад даволі нізкую стаўку, але такая схема мае свае адмоўныя наступствы, і варта глядзець па асобных вялікіх праектах, наколькі яна выгадная.

- Так, мадэрнізаваныя за кітайскія грошы цэментныя заводы ў першай палове 2013-га ўвайшлі топ-20 самых стратных беларускіх акцыянерных прадпрыемстваў, - прыводзіць прыклад Елісееў.

Як рэалізуюцца самыя буйныя беларуска-кітайскія праекты ўжо цяпер?

Мадэрнізацыя цэментнай галіны

Мадэрнізацыя цэментнай галіны была задуманая як маштабны праект у 2008 годзе. На трох буйных заводах (ААТ «Беларускі цэментны завод», ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» і ААТ «Крычаўцэментнашыфер») планавалася будаўніцтва ліній па вытворчасці цэменту сухім спосабам магутнасцю 1,8 млн тон у год кожная і перавод наяўных магутнасцяў з прыроднага газу на каменны вугаль . Акрамя таго, праекты прадугледжвалі развіццё кар'ераў па здабычы крэйды і гліністай сыравіны.

Да будаўніцтва новых магутнасцяў была прыцягнутая кітайская дзяржаўная кампанія CITIC Construction. Асноўнай крыніцай фінансавання сталі крэдыты кітайскага Эксімбанка на 530 млн даляраў, выдадзеныя вытворцам цэменту. Для прадпрыемстваў таксама прадугледжваўся цэлы шэраг падатковых ільгот і іншых мер дзяржпадтрымкі, у тым ліку ім была прадстаўленая магчымасць бяспошліннага ўвозу ў Беларусь імпартнага абсталявання і матэрыялаў, неабходных для рэалізацыі інвестпраектаў.

Указ прэзідэнта прадугледжваў мадэрнізацыю ў перыяд 2008--2010 гадоў, аднак затым тэрміны не раз пераносіліся. Апошнія абяцанні датычаць канца 2013 года.

У 2010 годзе прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі рэзка крытыкаваў якасць кітайскага абсталявання, што ўвозіцца па дадзеных праектах, а таксама якасць будаўнічых і мантажных работ на «Беларускім цэментавым заводзе», прадпрыемствах «Крычаўцэментнашыфер» і «Краснасельскбудматэрыялы».

Тагачасны міністр архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Селязнёў адзначаў, што пры прыёмцы першай партыі абсталявання на Беларускім цэментным заводзе «на будаўнічай пляцоўцы былі выяўленыя дэфекты ў выглядзе няякаснай зваркі асобных вузлоў абсталявання і яго афарбоўкі».

Была ідэя прыцягнуць французскую інжынірынгавую кампанію, аднак чыноўнікі гэтай ідэі не ўхвалілі.

Абяцанні павялічыць аб'ёмы вытворчасці цэменту чутныя з года ў год. У 2008, да прыкладу, віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка заяўляў, што да 2010 года Беларусь будзе мець 10,5 млн тон цэменту ў год. Аднак праз два гады абяцанні не былі выкананыя нават напалову - атрымана 4,5 млн тон.

Згодна з праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011--2015 гады, наша краіна перавышае аб'ёмы сусветнай вытворчасці на душу насельніцтва цэменту ў 1,2 разу. Аднак у планах урада - нарасціць магутнасці па вытворчасці цэменту ў два разы.

Чыноўнікі запэўніваюць, што па заканчэнні мадэрнізацыі галіна атрымае 10 млн тон цэменту ў год. Аднак спажыванне цэменту на ўнутраным рынку не перавышае 4-5 млн тон у год. Яшчэ 5 млн тон мае пайсці на экспарт. На сёння рэалізацыяй прадукцыі за мяжу прадпрыемствы займаюцца па непасрэдных кантрактах, праз гандлёвыя дамы, прадстаўніцтвы. Але з ростам аб'ёмаў вытворчасці наяўная дылерская сетка не справіцца, таму Мінбудархітэктуры ставіць задачу стварыць холдынг, які стане галоўным экспарцёрам будматэрыялу. Ад эфектыўнасці яго працы залежыць, ці зможа беларускі прадукт абысці канкурэнтаў з суседніх краін.

Экспарт вырабаў з цэменту, бетону ці штучнага каменя

2012 - 2 млн тон на суму 185 млн даляраў

1) Расія - 1890 тыс. тон
2) Украіна - 64 тыс. тон
3) Літва - 30 тыс. тон

2011 – 1,47 млн тон на суму 133 млн даляраў

1) Расія - 1413 тыс. тон
2) Літва - 13,4 тыс. тон
3) Латвія - 10,1 тыс. тон

2010 г. – 1,16 млн тон на суму 89 млн даляраў

1) Расія - 1110 тыс. тон
2) Літва - 13,5 тыс. тон
3) Латвія - 6,7 тыс. тон

Беларусь робіцца «зборачным цэхам» для Кітая?

Кітай даўно стаў зборачным цэхам для найбуйнейшых сусветных кампаній. Тэхналогіі, якія распрацоўваюць у сіліконавай даліне, увасабляюць у жыццё часцей за ўсё ў КНР. Аднак з мінулага года зборачным цэхам для Кітая стала Беларусь.

У лютым 2012 года ў Беларусі былі зарэгістраваныя два сумесныя прадпрыемствы з Кітаем - СЗАТ «БелДжы» і СЗАТ «Саюзаўтатэхналогіі».

Агульны аб'ём інвестыцый склаў 244,9 млн даляраў. У склад акцыянераў увайшлі ААТ «БелАЗ» - кіроўная кампанія холдынгу «БелАЗ-Холдынг» (50% акцый), карпарацыя Geely (КНР) - (32,5%), СЗАТ «Саюзаўтатэхналогіі" - (17,5%).

На этапе абмеркавання праекта з кіраўніцтвам кітайскага холдынгу Geely Automobile Holdings Ltd. была дамоўленасць, што завод будзе выпускаць да 60 тысяч аўтамабіляў у год, а ў 2015--2016 - да 120 тысяч аўтамабіляў, меркаваная колькасць супрацоўнікаў - каля 3 тысяч чалавек.

У чэрвені 2012 года старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура паведаміў, што сумеснае кітайска-беларускае прадпрыемства Geely плануе ў 2013 годзе выпусціць у Беларусі першыя 10 тысяч легкавых аўтамабіляў. Продажы стартавалі ў красавіку 2013. Беларуска-кітайская кампанія прадставіла на рынку мадэль Geely SC 7 па цане 12 990 даляраў. У кастрычніку ў салонах павінен з'явіцца першы беларускі красовер Geely Emgrand X7, пра цану якога пакуль не паведамляецца.

«Будоўля стагоддзя" - Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк

Да 2020 года пад Смалявічамі мае з'явіцца асаблівая эканамічная зона ў Беларусі, дзе на 50 гадоў уводзіцца спецыяльны прававы рэжым і ствараецца сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства (доля Беларусі - 40%, Кітая - 60%).

Інфраструктура парку ўключыць у сябе шматкватэрнае і сядзібнае жыллё, прамысловыя, транспартныя аб'екты. Паводле планаў адміністрацыі, на тэрыторыі парку будуць жыць 25 тыс. чалавек. На стварэнне агульнай інфраструктуры плануецца накіраваць 500 млн даляраў.

На думку спецыялістаў, дзяржаўныя выдаткі ў гэтым праекце мінімальныя. Беларусь аплачвае толькі тое, што будзе будавацца за перыметрам парку, на гэта пойдзе каля 100 млн даляраў. Сума замежных інвестыцый ацэньваецца ў 3-4 млрд даляраў.

Якія канкрэтна вытворчасці будуць размешчаныя ў Смалявіцкім раёне, чыноўнікі не паведамляюць. Вядома толькі, што гэта будуць прадпрыемствы машынабудаўнічай, электроннай і хімічнай прамысловасці.

Першы намеснік генеральнага дырэктара беларуска-кітайскай кампаніі па развіцці індустрыяльнага парку Кірыл Карацееў падчас грамадскага абмеркавання запэўніў удзельнікаў, што экалагічныя патрабаванні да забудовы будуць выкананыя:

- Брудных вытворчасцяў на тэрыторыі няма. Усё будзе зроблена па найвышэйшых стандартах. Тэрыторыя падзеленая на 8 зон - найноўшых тэхналогій, аўтамабільнага будаўніцтва, транспартнай лагістыкі, зона даследаванняў і развіцця, аўтсорсінгавых паслуг, камерцыйныя зоны і зона будучага развіцця.

Аднак эколагі і мясцовыя жыхары чыноўнікам не вераць.

Плошча парку будзе займаць каля 9 тыс. га. Цяпер на гэтай тэрыторыі размяшчаецца 15 населеных пунктаў, два заказнікі, водазаборы, вадасховішча, санітарная абарона, жывёльныя могільнікі, аб'ект Міністэрства абароны, радовішча торфу, і практычна ўся тэрыторыя засаджаная лясамі.

«Зялёная сетка» і «Экадом» звярнуліся ў пракуратуру Мінскай вобласці з патрабаваннем праверыць законнасць дзяржаўных экспертыз праекта «Генеральны план Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку». Эколагі настойваюць, што былі парушаныя тэрміны і парадак правядзення экспертызы, не ўлічаныя дадзеныя, атрыманыя ў ходзе незалежнай экспертызы.

- Будаўніцтва індустрыяльнага парку першапачаткова недапушчальнае на гэтых тэрыторыях, - перакананая актывістка «Зялёнай сеткі» Марына Дубіна.

Адміністрацыя сцвярджае, што на тэрыторыі парку не будзе шкоднай вытворчасці. Але аналіз генеральнага плана паказвае, што пад санітарныя зоны задзейнічаныя велізарныя тэрыторыі, параўнальныя з буйной вытворчасцю Мінскага трактарнага завода. Тады ўзнікае пытанне: што ж там сабраліся вырабляць?

- Што да запэўненняў аб стварэнні ў парку зялёных зон, гэта таксама гучыць досыць спрэчна. Навошта знішчаць 40% лесу першай катэгорыі? Каб потым стварыць яшчэ адзін лес? Мы настойваем, што заказнікі нельга ўключаць у тэрыторыю парку, нельга высякаць лясы. Каля Мінска і так практычна не засталося буйных лясных масіваў, - кажа Марына Дубіна.

Аднак пытанні наконт Беларуска-кітайскага парку датычаць не толькі генплана. Неадназначная рэакцыя ў грамадстве і адносна масавай міграцыі грамадзян КНР, якая чакаецца з уводам у эксплуатацыю аб'ектаў. Дацэнт кафедры кіравання рэгіянальным развіццём Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Ірына Загорац кажа: людзі асцерагаюцца масавага прытоку працоўных з Кітая.

- Я абмяркоўвала гэтую тэму ў розных аўдыторыях - і з кіраўнікамі прадпрыемстваў, і з інжынерамі. Яны прызнаюць, што кітайцы працуюць добрасумленна, што гэта працавіты народ, але ў сябе на прадпрыемстве яны б іх бачыць не хацелі, - адзначае эксперт. – Кітайцы -- даволі мірны народ, жывуць па законах, прытрымліваюцца сваіх традыцый, але яны практычна не адаптуюцца ў грамадстве. Яны ствараюць свае закрытыя дыяспары і ў Еўропе, і ў Амерыцы, і ў Расіі. Часам у кітайскі квартал нават мясцовыя жыхары горада і паліцыя не могуць трапіць.

Вось чаму да працэсу міграцыі, тым больш такой этнічна разнастайнай, трэба ставіцца вельмі асцярожна, лічыць эксперт.

А калі без Кітая?

Быць з Кітаем ці з Еўрасаюзам у пытаннях рэфармавання - такі выбар, на думку экспертаў, перад Беларуссю не стаіць: адна справа - кітайскія інвестыцыйныя праекты ў беларускую эканоміку і зусім іншая - рэформы, калі беларускі ўрад сапраўды зацікаўлены ў эканамічнай і палітычнай мадэрнізацыі Беларусі .

Цяперашняе эканамічнае супрацоўніцтва з Кітаем не замінае Беларусі прасоўваць інвестыцыйнае супрацоўніцтва з еўрапейскімі партнёрамі, лічыць аналітык BISS Андрэй Елісееў:

- Галоўная перашкода - не супрацоўніцтва з Кітаем, а адсутнасць палітычнай волі правесці прыватызацыю і дрэнны інвестыцыйны клімат (нядаўнія спробы фактычна адрадзіць аналаг інстытута «залатой акцыі» гэта ілюструюць), які палохае патэнцыйных інвестараў.

У той жа час па-сапраўднаму сучасныя тэхналогіі Кітай, як адзначае Дзяніс Мельянцоў, пераймае ў еўрапейцаў і амерыканцаў.

- Няма ніякай неабходнасці асвойваць праз Кітай заходнія тэхналогіі. А шлях еўрапейскай мадэрнізацыі не выключае эканамічнага супрацоўніцтва з любой з краін, калі яно выгаднае Беларусі, - падкрэслівае эксперт.

Калі Беларусь хоча забяспечыць доўгатэрміновы ўстойлівы эканамічны рост, не варта, на думку экспертаў, арыентавацца на КНР.

- Як паказалі ў сваіх даследаваннях Дарон Асемаглу і Джэймс Робінсан, аўтарытарныя краіны ў стане забяспечыць дастаткова высокі эканамічны рост за параўнальна малы перыяду, пакуль не дойдуць да скрыжавання, дзе кіроўная эліта павінная або перадаць грамадзянам больш шырокія правы і развіваць рэальнае верхавенства права, каб спрыяць далейшаму эканамічнаму росту, ці пакінуць «экстрактыўныя» палітычныя інстытуты, што няўхільна адаб'ецца на эканамічным забыцці. Кітай няўхільна набліжаецца да такога скрыжавання, - падкрэслівае Андрэй Елісееў.

Ініцыятыву «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю» эксперт не лічыць ідэальным варыянтам, бо ў рамках супрацоўніцтва афіцыйны Мінск не выказвае цікавасці да палітычных рэформаў, але з двух умоўных варыянтаў - "не рабіць нічога» або «рабіць нешта» - другі, на думку Андрэя Елісеева, пераважае.

Удзел Еўрасаюза ў мадэрнізацыі Беларусі магчымы толькі ў рамках міжурадавага супрацоўніцтва паміж Брусэлем і Мінскам. Аднак любое рэфармаванне патрабуе распрацоўкі адзіных канкрэтных рэкамендацый адносна магчымых пераўтварэнняў у тых ці іншых сферах на аснове вопыту рэформаў у іншых краінах. Такі падыход - прыярытэт ініцыятывы «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю".

- Дыялог - дыскусійная пляцоўка, якая дазваляе абмяркоўваць, якім чынам рэфармаваць Беларусь, разлічаная ў большай ступені на грамадзянскую ініцыятыву. Але да гэтай дыскусіі могуць далучыцца дзяржаўныя эксперты. Такое супрацоўніцтва дазволіла б, вывучыўшы, як праходзілі аналагічныя рэформы ў Польшчы, Славакіі, Чэхіі, вызначыць, які вопыт еўрапейскіх краін быў бы найлепшым для Беларусі, - лічыць Дзяніс Мельянцоў.

Дзяржава лёгка можа скарыстацца напрацоўкамі удзельнікаў Дыялогу аб мадэрнізацыі і ў перамовах на міжурадавым узроўні, перакананы эксперт.

Праз абмен вопытам можа быць распрацаванае альтэрнатыўнае бачанне далейшага развіцця Беларусі: у сілу закрытасці сістэмы ў Беларусі дзяржаўныя эксперты маюць лепшы доступ да інфармацыі, але з іншага боку, у іх больш кансерватыўнае бачанне, а незалежныя эксперты здольныя падыходзіць да працэсу мадэрнізацыі больш гнутка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?