20.08.2013 / 13:37

«У Вільні адбываюцца маўклівыя маніфестацыі» — выйшаў комікс пра Каліноўскага 7

Выданне неўзабаве з’явіцца ў бібліятэках.

Да 150-годдзя паўстання Кастуся Каліноўскага Саюз беларускіх пісьменнікаў выдаў комікс «Пра Кастуся» — маляванае апавяданне, заснаванае на п’есе Уладзіміра Караткевіча «Кастусь Каліноўскі: смерць і неўміручасць».

«Гэты комікс прызначаны ў першую чаргу для вучняў сярэдняй школы, — расказвае куратар выдання Анатоль Івашчанка. — Увесь комікс намаляваны ад рукі, без выкарыстання камп’ютара таленавітым мастаком Уладзімірам Дрындрожыкам. — Складаней за ўсе было пераўтварыць мову Караткевіча ў мову комікса, аднак у выніку ўсё атрымалася».

Комікс «Пра Кастуся» выйшаў накладам у 1000 асобнікаў, праўда, пакуль у продаж выданне не трапіць, найперш яго распаўсюдзяць па бібліятэках.

«Гэта новы для Беларусі фармат, да нас толькі Адам Глобус стварыў беларускі комікс, дарэчы, таксама па тэксце Караткевіча. — расказвае спадар Івашчанка. — Мы абралі простую назву „Пра Кастуся“, бо ў Караткевіча твор першапачаткова называўся „Руна пра Кастуся“, таксама быў варыянт „Аповед“, аднак паколькі гісторыя ў п’есе Караткевіча падаецца па-мастацку, мы вырашылі прыбраць слова „Руна“. Не думаю, што нехта не зразумее з назвы, пра якога Кастуся ідзе гаворка».

Аўтараў комікса здзівілі некаторыя паралелі паміж напісаным у тэксце Караткевіча і нашым часам.

«Напрыклад, у п’есе ёсць такі момант, калі Мураўёў прыходзіць да Аляксандра ІІ і кажа, што ў Вільні адбываюцца маўклівыя маніфестацыі на месцы пахавання паўстанцаў. Віленчукі проста прыходзяць без свечак і моўчкі стаяць на гэты месцы, нічога не робяць. — расказвае спадар Івашчанка.
— Мы не ведаем, ці было такое сапраўды, ці гэта ўдалая прыдумка Караткевіча. Як і спаленне вёскі Бахарэвічы ў той самай п’есе, якая больш нагадвае аперацыі нямецкіх карнікаў падчас Другой сусветнай вайны. Як яно было насамрэч, мы ўжо не даведаемся. З іншага боку, так павялося, што творам Караткевіча мы верым болей, чым падручнікам па гісторыі».

ЮУ

0
alex.ayo / Адказаць
20.08.2013 / 15:20
Вечная память борцам за свободу Отчизны.
0
мда / Адказаць
20.08.2013 / 15:34
так себе исполнение. но всё равно хорошее дело
0
Alex / Адказаць
20.08.2013 / 16:21
А першы комікс па Караткевічу "Дзікае паляванне караля Стаха" я памятаю, на пачатку 90-х быў выдадзены. Чорна-чырвона-белая графіка. Усё яшчэ недзе ляжыць у мяне дома. Імпрэсіўная рэч!
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру