Адправіўся з сябрамі на дзень у нацыянальны парк Нарачанскі. З намётамі, каб без санаторнага распарадку. На самой Нарачы толькі тры кемпінгі — месцы, дзе можна паставіць намёты. Некалі быў на Антонісбергу. Але ён размяшчаецца ля самай дарогі, а хацелася цішыні.

Паколькі браніраваць месца ў кемпінгу нельга, устрымаліся ехаць непасрэдна на Нарач. Выбралі стаянку на возеры Белым, за якія пару сотняў метраў ад Нарачы. Меркавалі, што людзей будзе менш, а таму свабоднае месца гарантавана.

Ехалі спакойныя. Усё пайшло не так, калі з асфальтаванай дарогі з’ехалі на грунтоўку — куды паказваў указальнік. Але праз колькі метраў дарога разыходзілася, а дадатковага ўказальніка не было. Паехалі нацянькі. У выніку праз лес выехалі на поле.

Кіроўцы зразумеюць, колькі нерваў каштуе язда па лясных дарогах: з ямінамі, карэннем і іншай трасцай.

Вярнуліся і збочылі на другую. Ехалі-ехалі праз лес і нарэшце выехалі на паляну. Усе альтанкі занятыя. Што ж зробіш, спазніліся. Гатовыя былі заняць месца без століка і лавы. Але вырашылі падысці да вады. Канфуз. Бераг зарослы чаротам: да вады не дабрацца.

Падумалі, што страчваць няма чаго, і паехалі на суседні кемпінг «Лагер», ужо непасрэдна на Нарачы. Зноў лесам, нервы. Там аказалася пяць свабодных альтанак. Бераг там таксама зарослы чаротам. Але нікуды не сталі кратацца.

На Антонісбергу, да прыкладу, ёсць калонка з вадой, душ.

Тут нідзе не ўбачылі вады: ні пітной, ні якой хаця б рукі памыць.
Не страшна. Як людзі разважлівыя, з дому прывезлі пару бутляў. Дровы прыйшлося збіраць па лесе. Праўда, тых галінак не надта хапіла б на вогнішча. З радасцю купілі б пару паленаў, каб было дзе. Давялося сяброў з Мядзела прасіць падвезці.

Адпачынак атрымаўся цудоўным. Хаця такіх турыстаў сабралася чалавек трыццаць, усе вялі сябе культурна. Нават голас Стаса Міхайлава як нечакана «разліўся» з аднаго з аўто, так раптоўна і абарваўся. Ні п’яных мордаў, што хочуць з табой выпіць, ні навязлівых кампаній…

Магчыма, гэта адзіная адметнасць «дзікай» Нарачы — ахвочыя выпіць не захочуць ехаць тыя кіламетры толькі дзеля назвы.

Але што асаблівага ў Нарачанскім парку? Калі на дзвюх стаянках немагчыма пабоўтацца ў вадзе, што нам ад той Нарачы? Паставіць намёт можна і ў іншым лесе, на іншым возеры.

Недалёка ад нас стаяў «палац» — вялізны намёт. І людзі, відаць, былі няпростыя. Прыехалі з квадрацыкламі, затым яшчэ і лодку на платформе падвезлі. То бок такі адпачынак практыкуюць не толькі бедныя студэнты.

Дык чаго ўсё-ткі бракавала? Сесці на бераг і паглядзець на захад сонца над Нарачу, пахадзіць па вадзе. Перад ад’ездам мы ўсё-ткі прайшліся па зарослым беразе далей. І ў адным месцы знайшлі больш-менш чысты выхад у ваду. Але ці нельга мінімальна расчысціць невялікі праход побач са стаянкай?

Мы не на Адрыятычнае мора паехалі, дзе чакалі хоць мінімальнага парадку.

А так паехалі спазнаваць свой край, але не адчулі Нарачы.

Затое што парадавала з сэрвісу — аплата месца. Прыехаў мужчына з касавым апаратам. І выбіў квіток. Не трэба ісці ў банк плаціць ці, што куды нязручней, ехаць у адміністрацыю парка. Дарэчы, на стаянцы былі прыбіральні — «шпакоўні» і кантэйнеры для смецця.

Пляж па-нарачанску.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?