Нацыянальны банк чакае, што сярэднегадавы курс долара ў 2014 складзе прыкладна 9500 рублёў за даляр. Паводле інфармацыі БелаПАН, такія даныя прыводзяцца ў абгрунтаванні да праекта Асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2014 (распрацоўшчыкам дакумента выступае Нацбанк).

Мяркуецца, што для забеспячэння гнуткага рэагавання на ваганні курсаў замежных валют і забеспячэнне ўнутранай і знешняй збалансаванасці абменны курс беларускага рубля будзе фарміравацца зыходзячы з попыту і прапановы замежнай валюты.

Пры гэтым Нацбанк плануе накіроўваць у 2014 валютныя інтэрвенцыі толькі на згладжванне рэзкіх кан’юнктурных ваганняў абменнага курсу.

Эксперты Даследчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і менеджменту (ІПМ) чакаюць, што курс долара да канца 2013 года складзе 9200 рублёў, да канца 2014 года — 9500 рублёў.

«Пры такім сцэнарыі мы чакаем, што намінальны абменны курс складзе 9200 рублёў і 9.500 рублёў за долар на канец 2013 і 2014 гадоў адпаведна. Аднак пры недахопе знешніх пазыкаў абясцэньванне нацыянальнай валюты можа быць значна большым», — мяркуюць эксперты Даследчага цэнтра ІПМ.

Нацбанк чакае таксама, што стаўка рэфінансавання ў 2014 можа скласці ў сярэднім 16–17% гадавых.

Стаўку рэфінансавання плануецца падтрымліваць на ўзроўні, неабходным для дасягнення цэнавай стабільнасці ў эканоміцы. Канкрэтнае значэнне стаўкі, паводле прагнозаў рэгулятара, будзе залежаць ад макраэканамічных умоў на ўнутраным і знешнім рынках.

Як паведамлялася раней, у Асноўных кірунках грашова-крэдытнай палітыкі на 2013 было запланавана, што да канца гэтага года стаўка рэфінансавання складзе 13–15% гадавых.

Эксперты лічаць, што ва ўмовах, што склаліся на ўнутраным рынку, забяспечыць зніжэнне стаўкі рэфінансавання да запланаваных 13–15% да канца 2013 не ўяўляецца магчымым.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?