Адноўлены Палац Вялікіх Князёў у Вільні.
Сярэднявечная галантарэя і абутак. Некаторыя мадэлі — рыхтык «Белвест».
Кафля. Вужыны кароль — персанаж балцкіх міфаў.
Кафля з камедыйным сюжэтам: смелыя зайцы смажаць паляўнічага, бароняцца ад сабак лукам і доўбняй і цягнуць у кацёл ваўка.
У старажытныя муры можна ехаць эскалатарам.
Паляўнічы рог, упрыгожаны гербам Рэчы Паспалітай і выявамі каралёў. 1587.
Зашчэпка для кнігі з надпісам «Барбара». Ці не з бібліятэкі Барбары Радзівіл?
Муры. З вялізных сырцовых цаглін, так званай «панскай цэглы». Археолагі агалілі падзямеллі, падмуркі можна бачыць праз шкляныя купалы яшчэ з замкавага двара. Калі ж спускаешся эскалатарам у падзямельны хол, дзе каса, шатня і крама сувеніраў, муры абступаюць. У гэтым адрозненне віленскага музея ад старажытнага Бярэсця або раскапанай на Тураўскім гарадзішчы царквы ХІІ стагоддзя. Там на тысячагадовую старажытнасць глядзіш з вышыні — нібы з балкона другога паверха.
У віленскія ж вялікакняскія сутарэнні можна зайсці. Прагуляцца калідорамі па спецыяльных ходніках, разгледзець водаправод з дубовых дошак, дрэнажныя адтуліны, закураныя паходнямі сцены, пабачыць цагліны, сплаўленыя да кансістэнцыі
шкла ў выніку гіганцкага пажару, які ў свой час зрабіў палац непрыдатным для жыцця.
Магутныя кандыцыянеры трымаюць ідэальную для захавання муроў тэмпературу. Але дрыжыкі па скуры ідуць не ад гэтага халадка, а ад подыху нашай гісторыі.
Усё падсветлена, кожнае памяшканне (яны, ясная справа, без столяў, скляпенні абваліліся ў ХІХ ст.) мае план. Можна пабачыць, як яно выглядала за часамі Жыгімонтаў, якія пакоі былі над ім. А змешчаныя побач фота таго ж месца падчас раскопак паказваюць, якую гіганцкую работу зрабілі рэстаўратары.
Адна са сценаў хола — падмуркі канца ХІІІ стагоддзя. Хто ставіў іх? Малады Гедымін? Віцень? Хтосьці нам невядомы?
Сумкі на ўваходзе просяць здаваць у гардэроб. Наўзамен юным наведніцам каля вахты з металадэтэктарам даюць папяровыя кароны — каб адчулі сябе князёўнамі.
Квіток на агляд усёй чатырохпавярховай экспазіцыі каштуе 5 літаў студэнтам, 10 — поўны (17 і 34 тысячы адпаведна).
У адным з лёхаў рэстаўратары пакінулі гару цэглы — абрынутае скляпенне. На паверхні кожнай цагліны бачныя чатыры канаўкі: сляды пальцаў майстра, які яе рабіў. Кожная цагельня меціла сваю цэглу інакш.
Экспазіцыя першых двух паверхаў збудаваная па тым самым прынцыпе, што і ў музеі карабля Вазы ў Стакгольме: вакол галоўнага экспаната — ці то паднятага з мора карабля ХVII стагоддзя, ці то паднятага з глыбіняў зямлі вялікакняскага палаца — месцяцца стэнды з артэфактамі тае эпохі.
Некаторыя экспанаты пададуцца знаёмымі: іх прывозілі ў Мінск летась, калі выстава з фондаў музея адбывалася ў Гістарычным. Але можна яшчэ раз зірнуць і на цырыманіяльныя драўляныя посахі, і на неверагодную кафлю з выявамі гербаў, фантастычных істотаў, ваяроў, кабет — нібы Скарынавы гравюры, адбітыя ў гліне.
На выставе мноства дзіцячага абутку і цацак: скураны мячык ХІV стагоддзя памерам з жаночы кулак, драўляны ваўчок з трох дошчачак — адна з іх абпаленая… А поруч — вазы з каляровымі алоўкамі і размалёўкі для дзяцей сучасных. Размалёўваць можна перазнятыя выявы з кафлі, у тым ліку — Пагоню, партрэты каралёў. А побач на стэндах — шахматы, якім 400 гадоў, і драўляныя дошкі для настольных гульняў, кшталту нардаў ці перастаўлянак. Тут жа вісіць апісанне правілаў: кожны можа паспрабаваць згуляць.
Пры знадворным баку муроў —
Музей можа пахваліцца вялікай колькасцю артэфактаў — тут і маляваны гліняны посуд ХVI стагоддзя, і скураны абутак ХVІІ стагоддзя (некаторыя фасоны да болю нагадваюць найноўшыя мадэлі беларускіх вытворцаў), і нават цудам захаваны саламяны капялюх, які гаспадар сцягваў з галавы пры з’яўленні мо яшчэ князя Альгерда.
Музей дае сістэмнае ўяўленне пра эпоху, якую адлюстроўвае. Экспазіцыя — не навал старажытных прадметаў. Яна стваралася з любоўю да эпохі. Так, стваральнікі пастараліся знайсці ўсе існыя партрэты яснавяльможных жыхароў палаца — аж да малюнкаў Самастшэльніка, які выяўляў Жыгімонта Старога ды Альбрэхта Гаштоўта ў біблейскіх сюжэтах…
Вось прыгажуня Бона, якой яна была, калі выйшла замуж за караля. Вось яна ў апошнія гады жыцця. Вось малы Жыгімонт Аўгуст. А гэты белавалосы анёльчык гадоў трох — будучы грозны Уладзіслаў Ваза, без пяці хвілін маскоўскі цар. А вось яго жонка, Марыя Луіза дэ Ганзага, якая пасля выйшла за ягонага брата Яна Казіміра. А вось і рэалістычны прыжыццёвы партрэт апошняга Вазы — твар, пасечаны зморшчынамі пасля эпохі Патопаў…
Выстава дапамагае пабачыць людзей у вялікіх князях і каралях, што кіравалі Беларуссю і Літвой 500 гадоў.
Не абыдзеныя ўвагай нават вялікакняскія і каралеўскія прыбіральні — гіганцкія мураваныя ямы. У апісанні з гонарам адзначаецца, што іх чысцілі, прынамсі, два разы за 200 гадоў.
Побач — каталог прадметаў, знойдзеных падчас іх археалагічнага даследавання. У асноўным гэта ўпрыгожванні — каралі, залатыя завушніцы. Мабільнікаў жа за часамі караля Аляксандра не было.
З кожным наступным паверхам экспазіцыі бачыш усё больш копій. Музейшчыкі прадугледзелі, што з часам увага прытупляецца, таму абставілі верхнія залы менш эксклюзіўным: заходнееўрапейская мэбля
У суседніх залах — копіі партрэтаў. Але якіх — гетмана Астрожскага (арыгінал у Нясвіжы), Уладзіслава IV пэндзля вучняў Рубенса.
Да каморкі з апошнімі экспанатамі ідзеш лабірынтамі сходаў, пасля — галерэяй, на сценах якой выяўлены падобныя да віленскага замкавыя комплексы. Сярод іх — Гродна і Нясвіж. Пры канцы шляху — пакоік з якімісьці залішне бліскучымі вялікакняскімі каронамі сучаснага вырабу, яскравым шкляным посудам XVI ст.
Асобна ляжыць меч караля Аляксандра, падняты з ягонай магілы ў віленскай Катэдры. Счарнелы ад часу меч на чырвоным аксаміце. Гэта і наша гісторыя, гэта наша супольная гісторыя. Літва дае добры прыклад, як трэба шанаваць сваё.