Ад храма Артэміды Эфескай засталася толькі адна калона. Затое на балаціне, дзе яна стаіць, уладкавалася ў буслянках мноства буслоў.

Ад храма Артэміды Эфескай засталася толькі адна калона. Затое на балаціне, дзе яна стаіць, уладкавалася ў буслянках мноства буслоў.

Так выглядае клопат пра здароўе гараджанаў у Кушадасах: бясплатныя спартыўныя трэнажоры для ўсіх, хто стаміўся ад салодкага жыцця.

Так выглядае клопат пра здароўе гараджанаў у Кушадасах: бясплатныя спартыўныя трэнажоры для ўсіх, хто стаміўся ад салодкага жыцця.

За працай над гэтым дываном ткачыха прабавіць бліжэйшыя 14 месяцаў.

За працай над гэтым дываном ткачыха прабавіць бліжэйшыя 14 месяцаў.

Курмаш у Кушадасах.

Курмаш у Кушадасах.

Знакі дзяржаўнасці тут паўсюль. нават на тортах.

Знакі дзяржаўнасці тут паўсюль. нават на тортах.

Турэцкая бразготка.

Турэцкая бразготка.

Я люблю танныя бразготкі. З некаштоўных матэрыялаў, якія ні да чаго не абавязваюць. У чарзе на беларускі самалёт у ізмірскім аэрапорце заўважаеш, што твае спадарожнікі пачынаюць нервова зрываць з рук абручыкі, якія даюць права на карыстанне гатэльным пляжам, і разумееш, што здымаць свой абручык табе зусім не хочацца.

Трымайся, любачка, ты яшчэ не ведаеш, што бліжэйшыя тры гадзіны ты правядзеш у штурханіне, з жахам прыслухоўваючыся да суайчынніц, якія называюць сваю другую палову няйначай як «скаціна».

Мне шкада пакідаць краіну, якая пераўзышла ўсе мае чаканні. Нечакана ол-інсклюзіўны (сорамна прызнацца!) адпачынак без аніякага намёку на прыгоды абярнуўся старонкамі любімай у дзяцінстве кнігі Ігара Мажэйкі «7 і 37 цудаў». Тады я і не марыла, што некалі на свае вочы змагу пабачыць цуд, пазначаны ў ёй пад нумарам тры, — храм Артэміды Эфескай. Гэтак жа, як чытаючы Пасланне апостала Паўла да Эфесянаў, не думала, што некалі наведаю Эфес. На гэтай зямлі кожны кавалачак дыхае сусветнай гісторыяй. Тут Герастрат спаліў храм Артэміды. Багіня не магла ўратаваць яго, бо была занятая: нараджаўся Аляксандр Македонскі.

Тут жыў і пісаў сваё «Адкрыццё» апостал Ян , тут яго і пахавалі жывым вучні. Тут правяла апошнія гады свайго жыцця маці Ісуса. Яе дамок убачыла ў канцы ХІХ стагоддзя ў відзежы адна нямецкая манашка.
А біскуп Ізміра знайшоў тое месца паводле яе апісанняў. Нават калі б яно не адпавядала яе апісанням, такое месца варта было знайсці…

Плынь турыстаў і паломнікаў у Эфес не спыняецца. А кушадаскія гандляры з аднолькавым поспехам прадаюць і торбачкі з выявамі Virgin Maria, і статуэткі Артэміды, і майкі з турэцкімі нацыянальнымі сімваламі. А калі вам па дарозе сустрэнецца нейкая пячора, дык можаце не сумнявацца, што гэта ніяк не менш як пячора Зеўса.

Хамамшчыкі і гіпнатызёры

Галоўная атракцыя турэцкага адпачынку для постсавецкіх жанчын — гэта турэцкі хамамшчык, па сумяшчальніцтве масажыст. Наш аказаўся навязлівым, з цудоўным веданнем рускай мовы і валоданнем вулічным фальклорам з лёгкім налётам бардэльнасці.

Турэцкая англійская афіцыянтаў, прадаўцоў, кіроўцаў аўтобусаў і аніматараў зводзіцца да трох выразаў: фініш, катастроф і вэрі катастроф. Высвятляецца, гэтымі трыма лексемамі можна патлумачыць вельмі многае.
Так што візіт у Турцыю можа стаць першым крокам да пераадолення моўнага бар’ера для тых, хто ўсё жыццё вучыў англійскую, але не меў магчымасці ёю карыстацца. Вы з радасцю высветліце, што гаворыце па-англійску амаль на турэцкім узроўні ці нават лепш. І яшчэ з большай радасцю зразумееце, што ведаеце па-турэцку, прынамсі, тры словы: «дурак» (прыпынак), «кавун» (дыня) і «карпуз» (кавун).

Сказаць некалькі словаў практычна на любой мове свету могуць і гандляры сувенірных крамак, якія займаюць увесь стары горад Кушадасаў. Яны здалёк прыслухоўваюцца да мінакоў і звяртаюцца да іх на іхняй мове: «Как дела? Давай! Дзень добры!» Праўда, у іх адбываецца збой праграмы, калі на пытанне «адкуль?» адказваеш ім «Істанбул» альбо працягваеш дыялог па-турэцку. У адваротным выпадку табе раскажуць, што кузэн вучыцца ў Мінску (Варшаве), а бабуля з Берасця (Кракава), і глядзіш — усе твае грошы пайшлі на дублёнку, якую купляць ты і не збіраўся. «Яны ж гіпнатызёры!» — з містычным страхам перашэптваюцца паміж сабой турысты.

Рамазан — фікцыя

Сямейная пара польскіх лямкоў-русінаў, твае новыя выпадковыя прыяцелі, пазбягаюць навязлівасці прадаўцоў, адказваючы ім, што яны з Лемкавіны. Гандляр задумляецца, і купец можа працягнуць свой шлях. У падарожжах здараюцца самыя неймаверныя сустрэчы: варта было ехаць так далёка ад дому, каб пасябраваць менавіта з суседзямі-лемкамі, з якімі хутка паразумеліся на глебе нацыянальнай меншасці. Іхняй у польскай дзяржаве і нашай у сваёй. Яны тут жа абрадавалі цябе, што прозвішча тваё — лямкоўскае.

Рамазан выявіўся вялікай фікцыяй. Ні табе барабаннага бою, ні «посных» твараў. Радасць і смех навокал. Цыгарэты там, дзе дазволена. А вось знакі дзяржаўнасці тут паўсюль.
Турэцкія сцягі, часцей за ўсё яшчэ і з партрэтам Мустафы Кемаля Атацюрка. Партрэты яго ў маладосці, падобнага да Янкі Купалы, сустрэнеш у любой нетурыстычнай чайнай, а таксама ў сувенірных крамках — у якасці лямпаў, падставак на столік, бюстаў…

Праблема стваральных гульняў

Адпачынак у Турцыі прынёс нечаканы клопат: неабходнасць тлумачыць дачцэ, што буські ад амаль чужых дзядзяў — гэта выключэнне, што так робіцца толькі ў Турцыі, і што ў Беларусі яна не павінна падстаўляць ім шчочку і пагатоў даваць бусі сама. Туркі пяшчотна ставяцца да дзяцей. Вельмі разумна браць з сабой дзетак, калі вы сабраліся набыць кілім ці іншы прадмет раскошы — зніжка вам забяспечана.

Лежачы на беразе і заклапочана гледзячы на той бераг — ці не пачаліся ў Грэцыі пажары? ці не гарыць ізноўку Алімп, абвяшчаючы канец еўрапейскай цывілізацыі? — ты назіраеш, як расейскі хлопчык раскідае пабудаваны тваёю дачкою пясочны замак.
Не са злосці, проста ён не ўмее гуляць у стваральныя гульні. І ты смутна ўсведамляеш, што па-жаночаму ты пажадала б ёй лепей мець справу з прадпрымальным турэцкім хлопчыкам­прадаўцом на базары, памочнікам дзеда­гандляра, чым з ягоным аднагодкам-разбуральнікам дзявочых замкаў (мне каштуе высілкаў устрымацца і не напісаць «варварам»).

Нагоды для параўнання суайчыннікаў з туркамі будзе яшчэ нямала, і ты зусім па-іншаму пачнеш разумець тых пагарджаных раней табою светлавалосых танцорак бэліданса, што гастралююць па ўсёй Турцыі са сваімі выступамі.

А пакуль ты глядзіш на ананімнага расійскага хлопчыка (ён мог быць і беларусам), на якога ўвесь час крычыць яго заклапочаная ўласнай прыгажосцю маці, і пазнаеш у ім таго палкоўніка авіяцыі з твайго гатэля, што заляцаецца да польскай прыгажуні.
Робіць гэта экс-палкоўнік выключна з расавых перакананняў, заўважыўшы цікавасць да польскай пані з боку аднаго турэцкага кавалера.

Расчараваннем для маёй сапсаванай тэлевізарам дачкі стала тое, што мы не сустрэлі ў Турцыі ні султана Сулеймана, ні ягонага вернага ваяку Балі-бея. Аднак яна не перажывае і ўжо просіцца ў Парыж. Глядзець на вежу. «А можа быць, мы сустрэнем там Пуаро...» Наўрад ці, дачушка, але новую бразготачку — абвязкова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?