11.09.2007 / 20:55

За апошнія 10 гадоў у Беларусі выяўлена 346 тыс. хворых на рак

На дыспансэрным уліку ў анкалагічнай службе краіны стаіць каля 203 тыс. чалавек, пры гэтым каля 52% з іх жывуць з гэтай хваробай 5 і больш гадоў.

За апошнія 10 гадоў у Беларусі выяўлена больш за 346 тыс. хворых на рак, паведаміў 11 верасня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску дырэктар Навукова‑даследчага інстытута анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. Аляксандрава, прафесар Іосіф Залуцкі.

Паводле яго слоў, у апошнія гады колькасць анкалагічных захворванняў узрастае практычна ва ўсім свеце, спыніць гэты працэс удалося толькі ў ЗША і краінах Заходняй Еўропы. У Беларусі, паводле даных спецыяліста, колькасць захворванняў на рак за апошнія 6 гадоў павялічылася на 13,4% і склала 373,7 выпадкі на 100 тыс. насельніцтва. У той жа час, у краіне зніжаецца смяротнасць ад анкалогіі. За згаданы перыяд яна знізілася на 16,2% і склала 166,7 выпадкі на 100 тыс. насельніцтва.

Гаворачы аб самых распаўсюджаных формах раку ў Беларусі, І.Залуцкі паведаміў, што сярод мужчын лідзіруюць рак лёгкіх, рак тоўстай кішкі і рак страўніка. Жанчыны часцей за ўсё захворваюць на рак малочнай залозы, і таксама на рак тоўстай кішкі і на рак страўніка. Так, летась у Беларусі на рак лёгкіх захварэлі 3 тыс. 515 чалавек, на рак малочнай залозы — 3 тыс. 309 чалавек, на рак страўніка — 3 тыс. 205 чалавек, на рак тоўстай кішкі — 3 тыс. 650 чалавек. Усяго ж летась упершыню выяўлена 33 тыс. 880 хворых на злаякасныя новаўтварэнні.

Спецыяліст зазначыў, што на сённяшні дзень навукова ўстаноўлена сувязь «чарнобыльскага фактара» толькі з узнікненнем раку шчытападобнай залозы. Наогул, паводле яго слоў, абсалютны прырост анкахворых у Беларусі з 1986 года па 2005‑й такой жа, як і з 1970‑га па 1986‑ы.

Як паведаміў І.Залуцкі, цяпер на дыспансерным уліку ў анкалагічнай службе краіны стаіць каля 203 тыс. чалавек, пры гэтым каля 52% з іх жывуць з гэтай хваробай 5 і больш гадоў. Паводле слоў спецыяліста «вяртанне хваробы магчыма, але часцей за ўсё гэта адбываецца на працягу першых двух дзён». На яго думку, для эфектыўнага лячэння раку вялікае значэнне мае яго ранняе выяўленне — у гэтым выпадку магчымасць вылечвання складае каля 95%. Для гэтага, паводле яго слоў, кожны пацыент павінен рэгулярна праходзіць медыцынскае абследаванне.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру