Сем прадстаўнікоў Рады беларускай інтэлігенцыі падпісалі хадайніцтвы аб вызваленні ксяндза Уладзіслава Лазара (свецкае імя — Уладзімір Лазар). Сёння хадайніцтвы адпраўленыя па пошце ў КДБ.

Як паведамляе прэс-служба аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД),

хадайніцтвы падпісалі Анатоль Вярцінскі, Зінаіда Бандарэнка, Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Колас, Валерый Фралоў, Аляксей Кароль і Анатоль Гуляеў.
Гэтыя людзі гатовы ўзяць на сябе пісьмовае абавязацельства аб тым, што ў выпадку вызвалення ксёндз Лазар «не ўцячэ ад органа крымінальнага пераследу і суда, не будзе супрацьдзейнічаць расследаванню справы ці разгляду яго судом і не будзе займацца злачыннай дзейнасцю».

Члены Рады просяць КДБ азнаёміць затрыманага з іх хадайніцтвамі. Калі згода Лазара будзе атрыманая, яны гатовы даць падпіску аб асабістым паручыцельстве за яго ў адпаведнасці з законам.

Пры разглядзе хадайніцтваў прадстаўнікі інтэлігенцыі просяць «улічыць характар падазрэнняў (ці абвінавачванняў), выстаўленых супраць Лазара, асобу падазронага, яго ўзрост, стан здароўя, род заняткаў, тое, што ён мае пастаяннае месца жыхарства, а таксама тое, што адсутнічаюць даныя пра тое, што ён можа ўцячы ад органаў крымінальнага пераследу ці суда, супрацьдзейнічаць папярэдняму расследаванню крымінальнай справы ці разгляду яе ў судзе».

Нагадаем, пра затрыманне ксяндза стала вядома праз некалькі дзён пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 26 ліпеня паведаміў журналістам: супрацоўнік беларускіх спецслужбаў затрыманы за працу на замежныя дзяржавы. «Мы нядаўна затрымалі аднаго са здраднікаў, які ў спецслужбах служыў і які быў праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы звязаны з замежнымі дзяржавамі, і не толькі здаваў інфармацыю, але з-за яго дзейнасці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой», — сказаў Лукашэнка.

29 ліпеня інфармацыю пра затрыманне ксяндза Лазара пацвердзіў прадстаўнік Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі. «Мы ведаем пра гэты факт, але не маем дакладнай інфармацыі, за што ён затрыманы. КДБ адмаўляецца ад любых каментараў па гэтай справе.

Ксёндз Уладзіслаў Лазар — грамадзянін Беларусі, вучыўся ў Гродзенскай семінарыі, затым у Польшчы. У красавіку гэтага года быў прызначаны адміністратарам з правамі пробашча парафіі Спаслання Духу Святога ў Барысаве. Раней служыў у Мар’інай Горцы і Рудзенску (Пухавіцкі раён Мінскай вобласці).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?