Санслужба міністэрства аховы здароўя Казахстана не знайшла фактаў парушэння якасці прадукцыі ўкраінскай кампаніі Roshen.

«Даследаванне цукерак кандытарскай карпарацыі Roshen скончылася (…). Даследаваныя ўзоры паводле паказчыкаў адказваюць устаноўленым гігіенічным нарматывам. Бензапірэн не выяўлены. У сувязі з тым, што прадукцыі, якая не адпавядае гігіенічным нарматывам, не выяўлена, падставы для ўвядзення мер абмежавання ўвозу прадукцыі Roshen на тэрыторыю Казахстана няма», — удакладніў чыноўнік з санітарнай службы.

Нагадаем, напрыканцы ліпеня Расспажыўнагляд забараніў увоз у Расею кандытарскіх вырабаў. Маўляў, у гэтай прадукцыі былі выяўленыя парушэнні паводле нормы ўтрымання тлушчаў і арганалептыкі, а ў некаторых вырабах — бензапірэн. Кіраўнік Расспажыўнагляду Генадзь Анішчанка таксама папярэдзіў партнёраў Расеі ў Мытным саюзе аб недапушчальнасці рээкспарту ў Расею прадукцыі Roshen.

Праверку прадукцыі ўкраінскай карпарацыі правялі Казахстан, Беларусь, Малдова і Таджыкістан. Яны заявілі, што прадукцыя адпавядае ўсім патрэбным стандартам якасці.

Улады Малдовы, Таджыкістана таксама ніякага бензапірэну ва ўкраінскай салодкай прадукцыі не выявілі. Наадварот, часамі рэгіструюцца нараканні на якасць расійскіх прадуктаў.

У мінулым Расспажыўнагляд не раз выкарыстоўваўся ў палітычных мэтах. Пад яго забарону траплялі беларускае малако, малдаўскія віны, грузінская баржомі — прадукцыя найлепшай якасці, лепшая за расійскія аналагі. Пасля ўрэгулявання канфліктаў прадукцыя адразу пераставала быць няякаснай і вярталася на расійскі рынак.

Адначасова са слодычамі Масква паставіла бар’еры на шляху імпарту ўкраінскіх труб. На думку назіральнікаў, цяпер Масква хоча сарваць падпісанне дамовы пра асацыяцыю між Украінай і Еўрасаюзам.

Пытанне, ці далучыцца Беларусь да Крамля ў ціску на Украіну, мае істотнае палітычнае значэнне. Раней нярэдка Беларусь і Казахстан займалі ў падобных пытаннях аднолькавыя пазіцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?