Фестываль з удзелам metal-hardcore, punk і punk-hardcore-гуртоў праходзіў 24 жніўня каля вёскі Асіповічы. На яго з’ехаліся маладыя людзі з розных гарадоў Беларусі.

Як паведаміла БелаПАН адна з удзельніц фестывалю, гамяльчанка Жанна Міхеева, прыкладна ў 19.00 на фестывалі раптам з’явіліся супрацоўнікі міліцыі і ДАІ. «Гуртам давялося спыніць выступы, а ўдзельнікаў фестывалю пачалі затрымліваць і везці ў Вілейскі РАУС, прычым не тлумачачы за што. У міліцыянтаў не было бэйджаў, іх прасілі прадставіцца, растлумачыць прычыну затрымання, але ўсё безвынікова», — распавяла дзяўчына.

Паводле яе слоў, удзельнікаў фестывалю везлі на некалькіх аўтамабілях, а потым прыехаў і аўтазак.

Жанна Міхеева дакладна не ведае, колькі людзей забралі ў міліцыю. Паводле яе слоў, на фестывалі прысутнічала каля 400 чалавек, затрымалі прыкладна 100–150.

У раённым аддзеле Вілейскага РАУС вечарам 24 жніўня БелаПАН заявілі, што затрымана толькі некалькі ўдзельнікаў фестывалю, астатнія былі проста «дастаўленыя» ў міліцыю, а затым — адпушчаныя. Лік затрыманых і «дастаўленых» у РАУС не назвалі, спаслаўшыся на «службовасць» інфармацыі. Дзяжурны толькі паведаміў, што маладыя людзі затрыманыя за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў, якіх менавіта — не ўдакладніў.

У анонсе мерапрыемства ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» арганізатары фестывалю яшчэ да яго пачатку размясцілі паведамленне: «Мы не хочам бачыць на нашым мерапрыемстве фашыстаў, расістаў, ксенафобаў…. Вам тут не будуць рады!».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?