Ён стаў 14-м мурам, які агароджвае цыганскія раёны ў Славакіі.

Кошыцэ — другі па велічыні пасля сталіцы Браціславы горад у Славакіі. Раён Lunik IX завецца ў ім найбуйнейшым цыганскім гета ў Еўропе. На абшары квадратнага кіламетра жыве самая вялікая група славацкіх цыганоў, каля 6–8 тысяч чалавек.

Амаль усе цыганы жывуць у дрэнных умовах, без электрычнасці, газу і водаправода. Усё дарослае насельніцтва раёна не мае ніякай сталай працы.

Славакі з суседняга раёна Захад увесь час скардзіліся на крадзяжы і жабракоў, таму мясцовая рада дазволіла пабудаваць двухметровы мур, які падзяліў кварталы. Сцяна каштавала гарадскому бюджэту 4700 еўра. На славацкім баку пад сцяной знаходзіцца паркінг. Кошыцкая паліцыя таксама лічыць, што мур павысіць бяспеку ў гэтым раёне.

Цыганскія арганізацыі кажуць пра нарастанне расавай дыскрымінацыі. — Гэта яшчэ адна Сцяна плачу, якая падзяляе грамадзян краіны, — выказаўся Міхал Залешак з Еўрапейскага цэнтра па правах цыганоў. Абураныя таксама актывісты Славацкай філіі Amnesty International.

Паводле дадзеных славацкай газеты «SME», з 2009 года пабудавана ўжо 14 муроў, якія адлучаюць цыганоў. Будуюцца яны ў асноўным на ўсходзе краіны за кошт мясцовага бюджэту альбо грамадскіх грошай. Такія муры ёсць, у прыватнасці, у Велькай Ідзе, Астраванах, Сярэдзе, Златых Мараўцах і Врутках.

Найбольш вядомым мурам у Славакіі лічыцца 100-метровая сцяна ў Міхалаўцэ на паўднёвым усходзе краіны, пабудаваная ў 2009 годзе за 40 000 еўра, што сабралі простыя славакі., каб пазбавіцца ад 500 цыганоў.

Дзякуючы ўмяшанню міжнародных арганізацый зрэдчас муры бурацца. Так, у 2008 годзе ўлады Прэшава агарадзілі бетонным мурам раён дзе жыве каля 2000 цыганоў. Праз некалькі тыдняў сцяна была разбураная.

У 5,5-мільёнай Славакіі жыве каля 500 тыс. цыганоў, з іх 55% — ва ўзросце да 18 гадоў. Некалі камуністы ў Чэхаславакіі праводзілі праграму прымусовай сацыялізацыі цыганоў, але яна ў выніку правалілася. Пасля дэмакратычных пераменаў цыганы не маюць сваіх прадстаўнікоў у парламенце. Большасць з іх беспрацоўныя і жывуць на сацыяльную дапамогу.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?