24 жніўня ў Вілейскім раёне супрацоўнікі міліцыі затрымалі ўдзельнікаў фэсту Burning summer open air.

Інфармагенцтва БелаПАН прыводзіла словы ўдзельніцы фэсту, якая паведаміла пра больш за сотню затрыманых. Гамяльчанка Жанна Міхеева расказала ў прыватнасці, што прыкладна, а 19-й на фестывалі з’явіліся супрацоўнікі міліцыі і ДАІ. «Гуртам давялося спыніць выступы, а ўдзельнікаў фестывалю пачалі затрымліваць і везці ў Вілейскі РАУС, прычым не тлумачачы за што. У міліцыянтаў не было бэйджаў, іх прасілі прадставіцца, растлумачыць прычыну затрымання, але ўсё безвынікова», — расказала яна. Па яе словах, удзельнікаў фестывалю везлі на некалькіх аўтамабілях, а потым прыехаў і аўтазак.

У Вілейскім РАУС БелаПАН заявілі, што затрымана толькі некалькі ўдзельнікаў фестывалю, астатнія былі проста «дастаўленыя» ў міліцыю, а затым — адпушчаныя. Лік затрыманых і «дастаўленых» у РАУС не назвалі, спаслаўшыся на «службовасць» інфармацыі.

У «НН» звярнуўся чытач, які быў сведкам падзей. Ён расказаў, што ў паведамленні пра здарэнне шмат перабольшванняў.

Па яго словах, на фэсце было менш людзей, чым вялося ў ранейшых паведамленнях. Выступаў усяго адзін гурт, яго выступ і перапынілі міліцыянты.

Не было і сотні затрыманых, паведамляе сведка, бо міліцыянты «прыехалі ўсяго на некалькіх машынах», а «аўтазакаў не было 100%».

Чытач сцвярджае, што міліцыянтаў было каля трох дзясяткаў. «Пры мне забіралі парачку моцна п’яных і буйных, але практычна ўсіх „аформілі“ на месцы і адпусцілі. Многія ўдзельнікі адразу пасля з’яўлення органаў пакінулі месца правядзення. Прайшла інфармацыя, што калі канцэрт адразу спыніцца, то ніякіх аўтазакаў і вінцяжа не будзе. Вельмі лаяльныя ў Вілейцы мянты апынуліся», — піша чытач.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0