Унікальны рыцарскі даспех ХVI стагоддзя ваяра Вялікага Княства Літоўскага знайшлі археолагі ў рацэ Віхры пад Мсціславам.
Пра гэта карэспандэнту БелТА паведаміў прафесар, загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта Ігар Марзалюк.

На працягу трох сутак ад 23 да 25 жніўня працавалі пазменна археолагі і вадалазы з выкарыстаннем самай сучаснай тэхнікі, каб дастаць каштоўны артэфакт рыцарскай эпохі.

Даспех захаваўся ў выдатным стане, а такога унікальнага шлема салад амара няма ў ніводным музеі Беларусі і на постсавецкай прасторы.
Іх усяго захавалася пару дзясяткаў у Еўропе. Першапачаткова вынайдзены ў Італіі салад набыў вялікую папулярнасць у Германіі, стаўшы ў другой палове XV стагоддзя тыповым германскім шлемам, характэрнай рысай гатычнага даспеха.
Цудоўна захаваўся і сам сталёвы панцыр з паддаспешнікам з валовай скуры і латуннымі накладкамі, пальчаткі, падлакотнікі ў сярэдзіне, кальчуга, таксама былі знойдзены элементы ільнянога і скуранога адзення.
"Гэта сведчыць аб тым, што даспех належаў вельмі заможнаму чалавеку, які, мяркуецца, загінуў у часе расейска-літоўскай вайны (1500-1503 гадоў) паміж Вялікім Княствам Маскоўскім ў саюзе з Крымскім ханствам з аднаго боку і Вялікім Княствам Літоўскім, якое выступіла ў саюзе з Лівонскай канфедэрацыяй", -- сказаў Ігар Марзалюк.

Даспех перададзены на рэстаўрацыю. Плануецца, што

артэфакт выставяць на ўсеагульны агляд у археалагічнай экспазіцыі Быхаўскага замка, якая разгорнецца ў адной з адноўленых двух вежаў падчас правядзення 1 верасня Дня беларускага пісьменства.

Паводле слоў Ігара Марзалюка, месца, дзе знойдзены рыцарскі даспех, будуць патруляваць дружыннікі і міліцыя. На наступным тыдні туды выедзе яшчэ адна археалагічная экспедыцыя, каб працягнуць разведку і раскопкі. Бо побач з месцам, дзе быў знойдзены рыцарскі даспех, выяўленыя яшчэ і старажытныя паселішчы розных эпох. Напрыклад, археолагі знайшлі старажытны інструмент для пісання ("пісала") пакрыты срэбрам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?