У часе сустрэчы «было сказана, што сам факт затрымання Баўмгертнера і разгорнутая вакол гэтага інфармацыйная кампанія не адпавядаюць саюзніцкаму характару адносінаў нашых краін і могуць паўплываць на графік расійска-беларускіх кантактаў на палітычным узроўні», паведамляе прэс-служба расійскага МЗС.

З расійскага боку таксама было заяўлена, што «затрыманне бізнесмена, які знаходзіўся ў Беларусі па запрашэнні кіраўніка ўрада краіны для вырашэння важных пытанняў расійска-беларускага эканамічнага ўзаемадзеяння, з’яўляецца недапушчальным».

Паводле інфармацыі прэс-службы МЗС РФ, Петрышэнка «абяцаў давесці зварот расійскага боку да ведама кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь».

Аб затрыманні Уладзіслава Баўмгертнера паведаміў 26 жніўня Следчы камітэт Беларусі. У дачыненні да гендырэктара «Уралкалія», які з’яўляецца старшынёй назіральнага савета ЗАТ «Беларуская калійная кампанія», а таксама члена назіральнага савета ЗАТ «БКК» Алега Пятрова, першага намесніка гендырэктара Канстанціна Саладоўнікава, намесніка гендырэктара па фінансах Ігара Яўстратава, начальніка фрахтовага аддзела Дзмітрыя Самойлава і іншых асоб распачаты справы па ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі). Падставай для гэтага сталі матэрыялы аб учыненні імі яўных злоўжыванняў службовымі паўнамоцтвамі ў карыслівых мэтах, што пацягнула нанясенне істотнага ўрону дзяржаўным і грамадскім інтарэсам краіны, а таксама нанясенне ўрону ў асабліва буйным памеры ААТ «Беларуськалій» і ЗАТ «БКК».

Учора высветлілася, што Баўмгертнер знаходзіўся у Беларусі па запрашэнні кіраўніка беларускага ўрада. Начальнік упраўлення па сувязях з грамадскасцю «Уралкалія» Аляксандр Бабінскі паведаміў, што акрамя Уладзіслава Баўмгертнера ў Мінск запрашаліся старшыня савета дырэктараў «Уралкалія» Аляксандр Валошын і акцыянер кампаніі Сулейман Керымаў. Беларускі бок прапаноўваў разгледзець пытанні, звязаныя з працай ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК). Валошын і Керымаў прыехаць на сустрэчу не змаглі.

Затрыманне Баўмгертнера, якое адбылося ўжо пасля перамоў, ва «Уралкаліі» расцэньваюць як «грубую правакацыю», заявіў Бабінскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?