Адным з сюрпрызаў XX Дня беларускага пісьменства, які пройдзе 1 верасня ў Быхаве (Магілёўская вобласць), будзе ўстанаўленне рэкорду СНД і краін Балтыі па скачках з парашутам і сцягам. Пра гэта паведаміла першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч.

«Свята беларускага пісьменства мае статус нацыянальнага. Уся краіна рыхтуецца да гэтага дня.
Мы маем выдатныя дасягненні ў галіне кнігавыдавецтва. Калі летась было выдадзена 11.000 назваў кніг, то толькі за першае паўгоддзе 2013 года мы выдалі ўжо 5.960 найменняў кніг. Гэта гаворыць аб тым, што мы пастаянна развіваемся», — зазначыла Ананіч.

У Быхаве будзе арганізавана шмат пляцовак для разнастайных культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў. Ананіч акцэнтавала ўвагу на мерапрыемствах у межах рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святынь». «Экспедыцыя будзе несці слова вучоных з нязгаснай лампадай духоўнасці. Гэта тое, што мы прамаўляем разам, будуючы нашу незалежную, суверэнную Беларусь. У кантэксце славянскіх культур мы зацвярджаем сваё роднае слова, сваю родную Беларусь», — адзначыла яна.

Спецыяльна да юбілейнага Дня беларускага пісьменства выпушчаны медаль. Паводле слоў Ананіч, «ён зроблены не з вельмі каштоўных металаў, але ён будзе годнай узнагародай для тых людзей, якія на працягу дваццаці гадоў робяць гэтае свята».

Намеснік старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Валерый Малашка паведаміў, што ў межах святкавання плануецца ўстанавіць рэкорд СНД і краін Балтыі па скачках з парашутам і сцягам.

Спартсмен-парашутыст магілёўскага аэраклуба Павел Навіцкі разгорне над Быхавам гіганцкі сцяг Беларусі. Даўжыня палатна складзе 37 м, шырыня 18,5 м, агульная плошча — 684,5 кв. м.
На выраб такога палатна спатрэбілася тры дні і 450 м тканіны. Важыць самы вялікі беларускі сцяг будзе прыблізна 60 кг.

У межах святкавання Дня беларускага пісьменства ў Быхаве запланавана адкрыццё адрэстаўраваных будынкаў кінатэатра і вакзалаў, канцэрты званароў, хораў і зорак беларускай эстрады, міжнародны літаратурны круглы стол «Сугучча: мова і літаратура ў кантэксце гісторыка-культурнай спадчыны», кніжныя выставы-продажы. Будуць працаваць маладзёжныя і дзіцячыя пляцоўкі, павільёны «Беларуская кніга і прэса», «Праекты Саюзнай дзяржавы», пройдуць прэзентацыі для моладзі сродкаў масавай інфармацыі. На стадыёне адбудзецца фестываль гарадоў — сталіц Дня беларускага пісьменства. Завершыцца свята канцэртам артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?