Актывіст зарэгістраванай у Чэхіі міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» Уладзімір Яроменак 28 жніўня прыгавораны судом Першамайскага раёна Мінска да штрафу ў 1 млн. рублёў на падставе ч. 2 арт. 24.12 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне правілаў адбывання прэвентыўнага нагляду), паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Нагадаем, 20 жніўня гэты ж суд прызнаў Яроменка вінаватым у парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду на падставе арт. 421 Крымінальнага кодэкса і прыгаварыў яго да трох месяцаў арышту.

Позву з’явіцца ў суд 28 жніўня Яроменак атрымаў праз некалькі дзён пасля вынясення прыгавору па крымінальнай справе. На думку праваабаронцаў, «супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі палічылі гэтага недастатковым і накіравалі ў суд новыя матэрыялы».

Уладзімір Яроменак — фігурант крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года. Быў прыгавораны да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але ў жніўні 2011 года вызвалены на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні. Над ім устанавілі прэвентыўны нагляд, пасля чаго Яроменак некалькі разоў трапляў у суд. 27 красавіка 2012 года яго асудзілі на сем сутак адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства, а 24 студзеня 2013-га — на 12 сутак арышту за парушэнне ўмоў прэвентыўнага нагляду.

Апошні прыгавор Яроменак абскардзіў у Мінскім гарадскім судзе, які накіраваў справу на новы разгляд назад, у суд Першамайскага раёна сталіцы. У выніку 20 сакавіка суд Першамайскага раёна, далучыўшы да ранейшых двух фактаў парушэння нагляду яшчэ адзін, прыгаварыў Яроменка да 15 сутак арышту.

Дзеянні ўладаў у дачыненні да былога палітзняволенага праваабаронцы расцэньваюць як «палітычна матываваны націск». На іх думку, такім чынам улады спрабуюць спыніць грамадскую дзейнасць маладзёжнага актывіста і запалохаць іншых прадстаўнікоў апазіцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?