Чарговую крымінальную справу распачаў аддзел па барацьбе з тэрарызмам і арганізаванай злачыннасьцю КДБ. Моладзевых актывістаў вінавацяць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі (арт.193 ч.1 КК). Па гэтай частцы артыкулу прадугледжваецца тэрмін арышту на шэсьць месяцаў альбо штраф.

Фігурантамі новай справы сталі Зьміцер Дашкевіч, затрыманы падчас штурму намётавага гарадка і асуджаны на 15 сутак, Сяржук Лісічонак, Барыс Гарэцкі, Алег Корбан. Усе чатыры хлопцы раней уваходзілі ў кіраўніцтва незарэгістраванага «Маладога фронту».

27 сакавіка ператрусы, што ладзілі супрацоўнікі КДБ і міліцыі, адбыліся на кватэрах у С.Лісічонка, А.Корбана і Аляксея Шэіна, у кватэры якога нейкі час жыў Дашкевіч. А.Шэін кажа, што ператрус на ягонай кватэры доўжыўся чатыры гадзіны. Забралі вінчэстэры ад кампутараў і літаратуру. Аргтэхніку і літаратуру канфіскавалі і ў С.Лісічонка. Ягоная жонка кажа, што мужа пасьля ператрусу забралі супрацоўнікі органаў. Куды павезьлі – не паведамілі. «Яны ўсё сьмяяліся, што дарогай можа адбыцца транспартнае здарэньне», – гаворыць Вольга, якая засталася дома з 10-месячным дзіцем. Затрыманы і Алег Корбан.

Толькі позна ўвечары Лісічонак вярнуўся дадому. Пра што яго пыталі сьледчыя – ня кажа: даў падпіску. Пад такой самай падпіскай і ягоны адвакат Павал Сапелка.

Гарэцкі да сябе на кватэру кадэбістаў 27 сакавіка не пусьціў, бо яны ня мелі ордэру на арышт. На наступны дзень яны прыйшлі з ордэрам, правялі ператрус і забралі хлопца на допыт.

Крымінальная справа маладафронтаўцаў – наступная за справай «Партнэрства». Яшчэ адна крымінальная справа за ўдзел у «Маладым фронце» заведзеная на актывістку зь Нясьвіжу Насту Азарку.

Допыты моладзевых актывістаў пачаліся па ўсёй краіне. 28 сакавіка на допыт у КДБ у Лідзе выклікалі Сяргея Чайку, Віталя Калбыку, Яўгена Лапо. У Салігорску 29 сакавіка такія ж самыя візыты зьдзейсьнілі Глеб Сандрас, Рыгор Астапеня, Зьміцер Бараноўскі і Іван Шыла. Пакуль што ўсе яны праходзяць як сьведкі ў справе менскіх маладафронтаўцаў, аднак з усіх дапытаных бяруць падпіску, каб яны не распавядалі пра сутнасьць допытаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?