Такі набор уцюхваюць махляры.
Яны «прадаюць» пенсія-нерам нямецкі посуд — «па самайнізкай магчымай цане». Праўда, сума не бывае меншай за $300.
У Рэдакцыю «НН» звярнулася чытачка, маці якой так падманулі на мінулым тыдні.
«Да маці ў двары падышла жанчына і прапанавала купіць набор посуду з шаснаццаці прадметаў, — расказвае наша чытачка. — Па словах мамы, жанчына амаль не размаўляла па-руску. Сказала, што прыехала з Польшчы і прывезла на продаж каструлі і нажы. Цяпер у яе застаўся адзін камплект і яна не можа везці яго назад у Польшчу, бо на мяжы давядзецца аплаціць палову цаны».
У выніку «полька» прапанавала купіць у яе нажы і каструлі ўсяго за... 600 еўра.
«Мама ніколі не чапала валюты, якая ляжыць у нас дома, — расказвае чытачка. — Аднак тым разам яна аддала ўсе даляры і трыста еўра зверху. Цэлы дзень мама была ўпэўнена, што вельмі выгадна ўклала грошы і нават вытаргавала зніжку».
«Полька» пакінула адрас сваёй крамы ў Варшаве, а таксама кантактны тэлефон. Ці варта казаць, што абанента з такім тэлефонным нумарам не існуе ў прыродзе. Узгадаць, як выглядала махлярка ці што ў яе была за машына, пенсіянерка не можа.
Гандляры посудам па «нізкіх цэнах» з’явіліся ў Мінску некалькі гадоў таму. Дзейнічаюць яны па адным сцэнары: на паркоўцы падыходзіць «паляк» альбо «вугорац», якому нібыта тэрмінова трэба прадаць посуд.
А вось далей сітуацыя развіваецца непрадказальна — здараліся выпадкі, калі людзі бралі крэдыт пад пакупку посуду і аддавалі болей за $1 тысячу. Посуду ж красная цана — мільён рублёў.
«Гэта нават не гіпноз, бо гіпноз — больш вузкі стан, гэта ўнушэнне, — кажа псіхатэрапеўт Сяргей Цвірко. — Прамы зварот да асобы чалавека. «Вы такі разумны, вы зразумееце, апошняя засталася».Гэтыя людзі вельмі пільна абіраюць ахвяру — калі чалавек стары, ці хворы, ці проста занураны ў свае думкі, ім лягчэй за ўсё маніпуляваць. Гэта ціск на тое, што называецца гонар, які так ці інакш прысутнічае ў любога чалавека».
Па словах спадара Цвірко, з такім махлярствам сутыкаўся амаль кожны.
«Асабліва часта апошнім часам «прадаюць» фільтры для вады. Людзі купляюць, прычым людзі разумныя, — расказвае псіхатэрапеўт. — Пра гэта яшчэ О’Генры калісьці пісаў, з таго часу сістэма падману не змянілася. Адна мая знаёмая так нядаўна купіла тры скруткі даражэзных шпалераў, якія былі ёй непатрэбныя. Але калі махляр бачыць, што чалавек у сваіх думках, ён выкарыстоўвае тактыку бесперапыннай моўнай плыні. Калі вы трапілі ў такую сітуацыю, то варта адразу сказаць «не цяпер», «рэч добрая, але я падумаю», «мне трэба параіцца» або «я ў міліцыю пазваню». Гэтыя словы адразу прыпыняюць уздзеянне прамовы махляра, бо збіваюць яго, і выбудаваная сістэма выклікання адразу перастае працаваць».