Уладзімір Шаблінскі.

Уладзімір Шаблінскі.

«Наша Ніва»: Вы былі панкам за савецкім часам. Што гэта значыць?

Уладзімір Шаблінскі: У школе я ўваходзіў у розныя моладзевыя тусоўкі, у газетах мы называліся «моладзевыя банды», з якіх і прыходзіла заходняя музыка. Даводзілася выбіраць пад сваю душу, The Beatles мне не падабаліся, цяжкі рок таксама, трэба было нешта сярэдняе — я абраў панк-рок.

У нас з сябрамі быў гурт «Шабаш». Мы нават ездзілі ў супольны тур з першым савецкім панк-гуртам «Автоматіческіе удовлетворітелі» — я часам лепей ведаў тэксты Андрэя Панова, чым ён сам. Яны запрашалі мяне на сцэну, і я яго падмяняў. З часам я зразумеў, што лепей быць добрым адміністратарам, чым храновым музыкам.

НН: І з чаго пачалася адміністратарская дзейнасць?

УШ: У 1993-м я прыйшоў на эфір адзінай FM-станцыі «Радыё Бі-Эй» у якасці госця і застаўся там працаваць у якасці вядучага праграмы. Тады і прыйшло разуменне, што да музыкі можна мець дачыненне, не трымаючы гітару ў руках. Тры гады я працаваў на радыё, пазнаёміўся з большасцю расійскіх музыкаў, пачалі вазіць сяброўскія калектывы з Расіі. Калі ты сам музыка, калі бачыш, як адбываецца тур знутры, прасцей працаваць прамоўтарам. Ты ведаеш: не сустрэлі на вакзале — дрэнна, не пасялілі ў нармальным месцы — дрэнна. У нас з’явілася магчымасць улічваць памылкі іншых.

НН: Але ў 90-я такая праца мела сваю спецыфіку...

УШ: У 90-я не было гатэляў, валасатых альбо «падазроных асобаў», не сялілі ў тыя гатэлі, што былі. Не было магчымасці арганізоўваць транспарт альбо таксі. Вось цяпер знайсці апаратуру проста, а тады фірмаў у горадзе было дзве, даводзілася абіраць паміж дрэннай і зусім дрэннай. Мы па начах расклейвалі афішы па цэнтры горада, хаваючыся ад міліцыі, множылі іх на выпадковых ксераксах. Цяпер усё па-іншаму.

НН: Ці проста было «адбіць» канцэрт у тыя часы?

УШ: Мы смяяліся, што слоган у «Лініі гуку» мог быць: «Мы займаемся толькі стратнымі канцэртамі». Першыя касавыя зборы мы сталі атрымліваць на канцэртах гурту «Король і Шут». Заўжды трэба імкнуцца зрабіць немагчымае — калі робіш канцэрт з добрым гукам, святлом, рэкламай, давядзецца рыхтавацца да стратаў. А калі хочаш «зрубіць бабла», то можна зрабіць чорна­белыя афішы і не прывезці гурт. Калі бярэш на сябе страты, то ў выніку ты працуеш на карысць культуры краіны. Мы знаходзілі баланс у тым, што вазілі эстраду, каб мець прыбытак і працаваць з некамерцыйнымі выканаўцамі. Цяпер працягваем гэта рабіць.

НН: А як Вы сталі дырэктарам N.R.M.?

УШ: Яны выступалі ў Гродне, мы былі нанятыя як пракатная кантора. У цягніку на Мінск я атрымаў прапанову стаць дырэктарам гурту. Ім спадабалася, што «Лінія гуку» вельмі карэктна ставілася да музыкаў. Гэта быў выдатны час. Да сітуацыі, якая склалася з гуртам цяпер, я не маю дачынення — мы працягваем сябраваць з Лявонам і Ганнай Вольскімі.

НН: Як Вашы Шаблі сталі канцэртнай пляцоўкай?

УШ: У 2014 будзе 10 гадоў, як мы купілі хутар. Назвы Шаблі ў яго не было, не было нават адраса. Там былі высокія травы і хмызнякі — трэба было яго прыводзіць у парадак. Дапамагаць нам узяліся сябры, усе музыкі, за сябрамі паехалі іх сябры. Так мы сталі адкрытай пляцоўкай — ад вогнішча і гітары да фестываляў.

НН: З мясцовымі жыхарамі праблемы бываюць?

УШ: Блізкія добра ставяцца, яны бачаць неагрэсіўнасць мінчукоў, якія прыехалі адпачываць. Для некаторых я там — «мясцовы Воўка». Разумеюць, што мінчукі едуць сюды не біцца, а на сямейны адпачынак. Аднак ад «далёкіх» мясцовых рознае можна пачуць. Спачатку пра нас казалі, што мы сектанты (бо лысыя), пасля — што бандыты (бо лысыя і на джыпах), па апошніх трэндах мы чамусьці БНФ.

НН: Што будзе сёлета на «Вольным паветры»? (Фэст прайшоў 24 жніўня, глядзіце фотарэпартаж — nn.by)

УШ: Мы імкнёмся прывозіць розную музыку з розных краін — з Расіі будуць Theodor Bastard, бураты Namgar — у іх музыцы захаваліся нацыянальныя традыцыі буратаў. Два расейскія гурты, і такія розныя — адныя «стэп і кавыль», а другія — «сучасная музыка вялікага мегаполіса». Хэдлайнеры — нямецкі Feindrehstar, назавём іх «этна­джаз», гэта не простая для ўспрымання музыка. Трэба падзякаваць Інстытуту Гётэ, які дапамог іх прывезці. І, зразумела, будзе некалькі беларускіх калектываў.

НН: У які бок далей будуць развівацца Шаблі?

УШ: Мы абмежаваныя ў сваіх магчымасцях, грошы ад канцэртаў цалкам укладаюцца ў хутар. Праз сёлетні пажар мы адкінутыя далёка назад, дом трэба было скончыць восенню, а тут давядзецца пачынаць спачатку. Дзевяць гадоў мы яго стваралі, цяпер наперадзе яшчэ дзевяць гадоў. І абавязкова варта ствараць прастору, якая б спадабалася дзецям. Калі будзе цікава дзецям, будзе шмат сем’яў. Хочацца купляць квадрацыклы, зорбы, катапульту і іншыя забаўкі.

НН: Ці не надакучыла Вам займацца музыкай за гэты час?

УШ: Любая праца мусіць прыносіць задавальненне. Калі яна ператвараецца ў канвеер, варта нешта змяніць. Так было на радыё, мне не хацелася ў 50 гадоў чытаць прагноз надвор’я. Гадоў пяць таму я зразумеў, што канцэрты штодня — гэта нецікава, бо нічога новага не адбываецца. Тым больш, культурная прастора краіны звужаецца. Я не займаюся шоу­бізнэсам, хутчэй агратурызмам, цяпер я шчаслівы чалавек.

НН: А з­-за чаго, на Вашу думку, звужаецца прастора?

УШ: Дзяржава і яе ціск. Робіцца гэта для таго, каб людзі, якія думаюць і маюць ініцыятыву, адмовіліся ад канкурэнцыі з дзяржавай. Сітуацыя бліжэйшым часам не зменіцца. Але я з задавальненнем гляджу ў будучыню, бо, дзякуючы інтэрнэту і магчымасці для беларусаў падарожнічаць, агульны IQ нацыі вырастае. Я бачу, як Беларусь развіваецца, магчыма, не дзякуючы сітуацыі, а насуперак. Менталітэт беларусаў змяняецца, і гэта выдатна.

Уладзімір Шаблінскі

нарадзіўся ў Мінску ў 1970. Скончыў Энергетычны тэхнікум, працаваў вядучым на радыё «Бі-Эй». У 1997 заснаваў канцэртнае агенцтва «Лінія гуку». Працаваў дырэктарам гурту N.R.M., у 2004 набыў хутар Шаблі, які стаў адной з самых яскравых канцэртных пляцовак краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?