30.08.2013 / 21:36

Сяргей Дубавец прэзентаваў кнігу пра перакулены свет 5

У менскай кнігарні «Логвінаў» прэзэнтавалі кнігу эсэ журналіста Радыё Свабода Сяргея Дубаўца.

Кніга называецца «Errata: як што называецца, так і адбываецца». У ёй аўтар разважае пра тое, як падмены назваў і сэнсаў уплываюць на сьвядомасьць і рэчаіснасьць беларусаў, аналізуе абсурдныя павороты лёсу краіны, якія, на яго думку, пачынаюцца менавіта на вэрбальным узроўні. Кніга надрукаваная ў выдавецтве Ігара Логвінава і выйшла ў сэрыі «Беларускі калегіюм».

Каардынатар сэрыі, філёзаф Алесь Анціпенка адзанчыў, што для таго, каб заўважыць складаныя працэсы ў грамадзтве, патрэбны літаратар, які бачыць працэс збоку. Менавіта такім літаратарам ёсьць Сяргей Дубавец.

«Сяргей — выдатны стыліст, таму ў мяне як у рэдактара яго кнігі працы было няшмат, але я зразумеў, што Сяргей піша пра важныя рэчы, канцэптуальна выбудоўвае іх у адзінае цэлае. А пасьля робіць цікавыя высновы».

Алесь Анціпенка адзначыў, што, нягледзячы на тое, што «Errata», як і іншыя кнігі сэрыі, выйшла даволі тонкай, гэта не памяншае яе значнасьці:

«Адмыслова быў абраны такі фармат, каб аўтары выбралі толькі самае важнае і цікавае. Такі жорскі адбор твораў. Чытаць тоўстыя кнігі зараз ні ў каго няма часу, хіба што толькі калі сядзіш за кратамі», — пажартаваў Алесь Анціпенка.

«Errata» перакладаецца з лацінскай мовы як «памылка друку». Так называлі й аркушы-ўкладышы, на якіх раней пазначалі прапушчаныя і пазьней заўважаныя памылкі і ўкладалі ў выданьне, калі кніга друкавалася высокім друкам.

Сяргей Дубавец падкрэсьліў, што асноўная ідэя «Errata» — тое, як адбываецца, так і павінна называцца. Празь няправільнае называньне рэчаў і працэсаў беларусы апынуліся ў перакуленым дагары нагамі сьвеце. Пра гэты сьвет — яго кніга.

Павіншаваць Сяргея Дубаўца з выхадам кнігі прыйшлі філёзаф Валянцін Акудовіч, літаратары Альгерд Бахарэвіч, Ганна Кісьліцына, Лявон Баршчэўскі, культуроляг Сяргей Харэўскі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
M&M / Адказаць
30.08.2013 / 23:24
Каб дзе спампаваць?
0
усмешка ілюзіі / Адказаць
31.08.2013 / 11:02
Чаму гэта "чытаць тоўстыя кнігі зараз ні ў каго няма часу"? У сучасных значна больш часу вольнага ад... здабывання агню, палявання на маманта... Метро, мабільнікі, мікрахвалёўкі, пралькі... Нібы для эканоміі часу... Каб пачытаць "тоўстую кнігу", не трэба нават траціць час на дарогу да бібліятэкі або кнігарні. Адно што сэканомлены час прызначаны выключна на далейшую эканомію часу. Смс, замест ліста, прагляд інтэрнэту, замест... Шанцаў няма не толькі ў тоўстай кніжкі, але і ў тонкай! Дубавец, кніжка, "вайсковая-ваенная"... Досыць! Бо не паспею...
0
цапочка / Адказаць
31.08.2013 / 17:05
Сяргей Дубавец падкрэсьліў, што асноўная ідэя «Errata» — тое, як адбываецца, так і павінна называцца. Празь няправільнае называньне рэчаў і працэсаў беларусы апынуліся ў перакуленым дагары нагамі сьвеце. Пра гэты сьвет — яго кніга .................. яшчэ раз - ідэя вельмі і вельмі важная кніга пра перакулены сьвет душы? перакуленая сявядомасьць - гэта што - яе адсутнасьць? Яе адсутнасьць - крыўда і зацятасьць..
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру