Вечаровыя навіны на АНТ пачаліся з віншавання вядучым Аляксандрам Аверкавым. «Аляксандр Лукашэнка і яго сын Мікалай святкуюць дзень народзінаў сёння» [31 жніўня], — сказаў ён,
падкрэсліўшы, што канал далучаецца да віншаванняў і што, паводле традыцыі, кіраўнік дзяржавы ў гэты дзень адкрывае новую школу.

Сёння Лукашэнка адкрываў новую школу ў мінскай Лошыцы.

Выступаючы на адкрыцці школы, Лукашэнка, у тым ліку сказаў фразу па-беларуску («назаўсёды ўсталявалася і ўмацавалася наша беларуская дзяржава»), а потым закінуў мяч з першай спробы ў баскетбольны кошык.

Потым Лукашэнка наведаў школьную сталовую, выпіў соку, прымусіўшы кіраўніка Мінска Ладуцьку заплаціць за напой.
Ладуцька плаціў наяўнымі, бо на картцы ў яго не аказалася грошай, а Лукашэнка заўважыў: «З дзяцінства не люблю маркоўны сок, а вось яблычны шаную».

***

Раней лічылася, што дзень народзінаў Лукашэнкі — 30 жніўня. Праўда, такая дата цяпер захоўваецца на афіцыйным сайце. Але ў 2010 годзе ў афіцыйную біяграфію Аляксандра Лукашэнкі, апублікаваную на сайце прэзідэнта, было ўнесена змяненне: дата нараджэння змянілася з 30 жніўня 1954 года на 31-га.

    Гэту акалічнасць у прэзідэнцкай адміністрацыі тады патлумачылі наступным чынам: маці Аляксандра Лукашэнкі паступіла ў раддом 30 жніўня вечарам, але нарадзіла яго ў ноч з 30 на 31 жніўня, пасля апоўначы. У тыя гады ў сельскіх раддамах дакладны час нараджэння дзіцяці не адзначаўся, і нованароджанага Лукашэнку запісалі на 30 жніўня, па даце паступлення яго маці ў раддом. «Прэзідэнт спакойна ставіцца да гэтай даты, і ён не надаваў ёй значэння да моманту нараджэння малодшага сына Мікалая, які з’явіўся на свет 31 жніўня. Ужо пасля нараджэння Мікалая прэзідэнт пачаў цікавіцца ў маці падрабязнасцямі свайго з’яўлення на свет і высветліў, што фактычна адзначаць дзень нараджэння трэба 31 жніўня», — казалі ў прэзідэнцкай адміністрацыі.
.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0