Якія тосты гавораць сучасныя беларусы на афіцыйных гулянках, за хатнімі сьвяточнымі сталамі, на лавачцы за пляшкай « Роднага куту»?

Выпіўка без тостаў зьява надзвычай рэдкая, амаль немагчымая. Калі сабутэльнікаў ня больш трох , часьцей за ўсё тост такі: « Ну, будзьма!» ,» Хай усё будзе добра», «За нас!» і г. д. У найгоршым выпадку келіх, шклянка, а часьцей празрысты кубак з плястмасы падымаюцца да гары і робіцца адмысловы ківок галавой. Гэты «тост для нямых» выдаецца мне у наш час ці не самым беларускім па зьместу і мове . Ну, а на больш шматлюдных мерапрыемствах кшталту вясельляў, народзінаў, хрэсьбінаў, талакі пасьля пасадкі бульбы, тосты звычайна не адрозьніваюцца нейкай арыгінальнасьцю — за здароўе, за шчасьце, за любоў! Раней, гадоў 20 таму, былі ў модзе грузінскія тосты зь вялікай прамовай каўказскіх прытчаў, вершаваныя тоставыя складанкі, за каторымі ліліся цудоўныя застольныя песьні, зь якіх добрую частку складалі і беларускамоўныя. Гэта было, а зараз, здаецца, незваротна зьнікае.

Пазалетась, чытаючы «Фаўста»ў перакладзе Сёмухі, упадабаў невялічкі слупок, занатаваў сабе ў нататнік, падпісаўшы — файны белмоўны тост. А на адным са шматлюдных «мерапрыемстваў», дзе адзначалася (дарэчы, ва ўшчэнт парушаючы дэкрэт прэзідэнта №1) прафэсійнае сьвята і гучалі тосты «За нас і за Вас!» я, падняўшы шклянку, урачыста вымавіў:

    «… І асвяжальны наш напой,
    Няхай патоліць смагу Вам,
    Няхай у сэрца лье спакой,
    І колькі кропель у гэтым шкле
    Хай столькі год Вам Бог пашле!»

Прысутныя зьдзіўлена ахнулі, а калі з маіх слоў даведаліся, што гэта вялікі нямецкі паэт Гётэ, але на нашай беларускай мове жадае ім доўгага жыцьця, прагучала прапанова піць за кожнае слова, пакуль кожны не вывуча гэты тост. Нябожчык Гётэ ў той вечар варочаўся ў сваёй дамавіне яшчэ ня раз, а там, дзе раней пачуць нешта годнае пра сваё было амаль не магчыма — гучала беларускае слова.

Гэты тост прайшоў шмат розных бясед, усюды меў трыюмф, але стаміўся і захацеў, каб у яго зьявіліся браты.Сьмешныя і сур’ёзныя, цнатлівыя і распусныя, але свае, родныя, шчырыя, беларускія.

Ня маючы таленту да складаньня, але маючы прагу да пошуку і ведаючы, што «пад ляжачага афіцэра каньяк не цячэ», паспрабаваў знайсьці, што ёсьць на гэту тэму ў нашых класікаў.

Трохі падштурхнуў да гэтага і загад міністра абароны, у якім адбіваліся некаторыя цікавыя акалічнасьці правядзеньня , так званых , афіцэрскіх вечарын ушанаваньня. Кіруючыся гэтым загадам, на ўзаконеных вайсковых бяседах, першымі павінны гучаць «здравіцы»:

«За моцную і квітнеючую Беларусь!», « За незалежную Беларусь!». Ваенныя — народ дысцыплінаваны, і вось ужо які год розныя урачыстасьці пачынаюцца вышэй згаданымі тостамі.( Але ж …)

Дык што нашыя класікі? Возьмем такіх волатаў як Купала і Колас ( калі не памыляюся, людзі ад добрай бяседы не адмаўляліся). У Янкі ўсё неяк сумна. І гарэлка занадта пякучая і тосты злосныя, грымотныя ,быццам набат, хоць трапныя і праўдзівыя.

    «…як перуном страляе ў сцены,
    Кладзе нябожчыкаў ў бяспуцці,
    Людзей з’ядае, як конь сена…»
    «…А крэпкай так, як кроў жывая,
    Каб так паліла ў цэлым сэрцы,
    Як хата родная палае.»

Гэта Купала пра гарэлку. Пасьля такіх словаў на напоўненую шклянку глядзіш, як на нкусаўца у 37‑м, што, магчыма, і мае рацыю, асабліва ў наш час. А зараз Купалаўскі тост:

    « За згубу лепшай, светлай долі,
    За працвітаньне чорных хвіляў,
    За тых усіх, што мяне гналі,
    Пакуль аж тут не утапілі !
    …Пі, як канюх расу на лузе,
    Ярмо ты знойдзеш за парогам»

І ведаеце, хоць словы гэтыя і нудлівыя, і далёка не застольныя, у нечым можа і нават жахлівыя, але нельга сказаць, што гэтыя словы ня нашага часу і тым больш не пасуюць быць сучасным тостам. Пасуюць. І так карціць бывае устаць пасярод некаторых кампаніяў з келіхам ці кубкам і, гледзячы ў вочы некаторым манкуртам, ўрачыста так, грымагалосна словамі вялікага песьняра :

« За тых, хто родны край зніштожыў
І к цемрам вечным кладкі мосьціць…»

А вось у Коласа на гэты конт іншыя думкі. Толькі прыслухайцеся:


    « Гарэлка, радасьць весялуха
    Прыемна булькае да вуха
    І гэтак вочы прыцягае
    Ну як каханка маладая.»

Меў рацыю дзядзька Якуб? Сліна яшчэ не цячэ?

Цікавыя тосты запісаў Часлаў Пяткевіч, праехаўшы ўсё Рэчыцкае Палесьсе і сабраўшы незлічона шмат цікавага матэр’ялу. Адзін з тостаў вельмі пасуе тым, хто любіць прыкладацца да чаркі ў адзіноце самнасам.

    ‑ Хто ты?
    ‑ Акавіта.
    ‑ А з чаго ты ?
    ‑ З жыта.
    ‑ А пашпарт маеш ?
    ‑ Няма.
    ‑ Ось жа табе турма.

( Пасьля гэтых слоў чарка залпам выпіваецца. )

Акавіта (лац.: aqua vitae — вада жыцця) — традыцыйная назва моцнага алькагольнага напою, настоенага на карэньнях, зёлках. У ВКЛ вядома з канца 15 ст.

Хай людзі ўбачаць вашымі вачыма
Дасылайце на [email protected] вашы фатаздымкі. Зьмяшчайце народныя навіны. Паведамляйце пра пільныя здарэньні на тэлефоны
(029) 707-73-29,
(029) 613-32-32,
(017) 284-73-29
Хай людзі вас пачуюць!

Казалі палешукі перад пачаткам бяседы і такія словы:» Першая чарка калом, другая сакалом, а далей усе паляцяць вераб’ямі.»

Ня ведаю, ці прамаўляў што‑небудзь, трымаючы чарку, Уладзімір Караткевіч, але тосты‑ вершы пісаў. Гэта і цудоўная малая паэма» Віно дажджоў», прысьвечаная Барадуліну, і іранічны верш « Амаль хрысціянскі тост за ворагаў». Дарэчы, Адам Мальдзіс, якому гэты верш—тост быў прысвечаны, у сваёй рабоце «Шляхецкая культура Беларусі (17 — 19 стст.)» успамінаў польскага караля Станіслава Аўгуста, ураджэнца Волчына пад Брэстам, які у 1784 годзе ў Нясьвіжы палічыў патрэбным выступіць з беларускім вершаваным тостам. Нажаль, словы тоста невядомы.

Прайшло больш за два стагоддзі, і падумалася, а ці ёсьць зараз у беларусаў такія тосты, якія б з гонарам прамовіў бы сам кароль ?

Разумею прыхільнікаў здаровага ладу жыцьця , якія па праву могуць абвінаваціць мяне ў прапагандзе алькаголю, які зараз зьяўляецца ці не галоўным фізічным ворагам беларусаў. Але мая жыцьцёвая пазіцыя — гэта спрыяньне беларушчыны ды беларускасьці ва ўсіх жыцьцёвых праявах . Карціць правесьці нешта накшталт конкурсу на лепшы сучасны беларускі тост. Калі рэдакцыя падтрымае, гатовы ахвяраваць на галоўны прыз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?