У панядзелак стала вядома, што 6 верасня (пятніца) на праспекце Сахарава ў расійскай сталіцы пройдзе мітынг прыхільнікаў кандыдата ў мэры Масквы Аляксея Навальнага.

Арганізатары абяцаюць 25 тысяч прысутных і перакрыццё руху для зручнага мантажу сцэны. У акцыі таксама возьмуць удзел «Ночные снайперы», Вася Абломаў, «Несчастный случай», а таксама беларускі гурт «Ляпіс Трубяцкой».

Мітынг на праспекце Сахарава стане апошняй сустрэчай Навальнага з выбарцамі. Канцэрт пачнецца, а 17:30. Выступ «Ляпіса Трубяцкога» запланаваны на 21.00.

Сёння беларускі гурт патлумачыў матывы выступу на мітынгу, зазначаючы, што рашэнне падтрымаць Навальнага на выбарах мэра Масквы выклікала гарачыя спрэчкі і мноства пытанняў з боку прыхільнікаў групы.

«Мы вырашылі, што трэба больш выразна акрэсліць сваю пазіцыю», — гаворыцца ў заяве:

1. Мы падзяляем далёка не ўсе погляды Навальнага. Нешта нам здаецца спрэчным, нешта — і зусім няправільным. Але мы лічым, што Навальны робіць вельмі шмат для развіцця грамадзянскай супольнасці
і — адзіны з апазіцыйных палітыкаў — паспяхова супрацьстаіць прагнілай дзяржаўнай сістэме. Таму свой ​​удзел у мітынгу-канцэрце Аляксея Навальнага мы разглядаем не як палітычную акцыю, а як грамадзянскі ўчынак.
2. Мы — беларусы і не можам галасаваць на маскоўскіх выбарах. Але мы вырашылі падтрымаць кандыдата ў мэры Масквы Навальнага, бо ўпэўнены: старую сістэму ўлады, якая існуе ў Расіі, Украіне, Беларусі, Казахстане і г. д. сістэму, заснаваную на хлусні, карупцыі, крадзяжы і гвалце, трэба зламаць.
На жаль, не атрымаецца гэта зрабіць у нейкай адной краіне і, тым больш, у нейкім адным горадзе — але пачынаць з чагосьці трэба.

3. Наш удзел у мітынгу-канцэрце Навальнага ніяк не паўплывае на незалежнасць анархасіндыката «Ляпіс Трубяцкой». Мы не плануем ўступаць у нейкія партыі, сядзець на з’ездах, станавіцца даверанымі асобамі якіх бы там ні было палітыкаў.

Але мы лічым, што выступіць на канцэрце, дзе збярэцца вялікая колькасць маладых, актыўных, неабыякавых да ўласнага будучыні людзей — значна больш ганарова і карысна, чым сыграць на чарговым «Славянскім базары» або «Новай хвалі» .

4. У сваёй творчасці гурт «Ляпіс Трубяцкой» надае вялікую ўвагу сацыяльна-палітычнай тэматыцы, часцяком — у жанры сатыры. Навальны таксама актыўна выкарыстоўвае гумар і сатыру ў палітычнай барацьбе, і гэтым мы з ім падобныя.

5. Вам не абавязкова падзяляць усе нашы погляды, густы і звычкі, каб любіць нашу музыку. Калі хтосьці перастане слухаць гурт «Ляпіс Трубяцкой» з-за таго, што не любіць Навальнага — значыць, нам першапачаткова было не па дарозе.

6. І, нарэшце, апошняе:

на канцэрце ў падтрымку Навальнага мы выступаем бясплатна, бо не гандлюем сваімі поглядамі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0