Актывісты Партыі БНФ падалі заяўкі на правядзенне 20 пікетаў у розных гарадах Беларусі супраць размяшчэння ў краіне расійскіх ваенных баз. Пра гэта паведаміў лідар арганізацыі Аляксей Янукевіч 3 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, пікеты плануецца праводзіць 8 верасня ці ў адну з блізкіх да гэтага дня дат. На сёння партыя атрымала тры адказы на заяўкі, усе — адмоўныя. Напрыклад, адзначыў Янукевіч, Слуцкі раённы выканаўчы камітэт абгрунтаваў сваю адмову ў правядзенні пікета тым, што «на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забяспечваецца сістэма ваеннай бяспекі, абароны суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны, адсутнічае рэальная пагроза размяшчэння на тэрыторыі Беларусі ваенных баз і ваенных аб’ектаў».

«Мяркуючы па гэтым адказе, улады на месцах проста не валодаюць сітуацыяй.

Нас як партыю, якая адстойвае нацыянальныя інтарэсы, вельмі трывожыць такі стан спраў. Размяшчэнне расійскіх ваенных баз у Беларусі нясе выключна пагрозу для краіны, павялічваецца верагоднасць яе ўцягвання ў ваенныя канфлікты», — лічыць Янукевіч.

Палітык нагадаў, што Партыя БНФ яшчэ 27 ліпеня планавала правесці каля расійскага пасольства пікет супраць размяшчэння ў Лідзе расійскай ваеннай базы. Аднак Мінгарвыканкам адмовіў у яго правядзенні і матываваў сваё рашэнне тым, што заяўка не адпавядае заканадаўству аб масавых мерапрыемствах.

Гарадскім уладам таксама незразумела, якія меры будуць прынятыя заяўнікамі для бяспекі ўдзельнікаў пікета. Акрамя таго, у пісьмовым адказе з гарвыканкама адзначаецца, што правядзенне пікета можа стварыць перашкоду пешаходнаму і транспартнаму руху.

Паводле слоў Янукевіча, адмова Мінгарвыканкама будзе абскарджана ў судзе Маскоўскага раёна Мінска. «Дата пасяджэння пакуль не вызначана, ідзе абмен лістамі», — адзначыў ён. Янукевіч таксама паведаміў, што 10 верасня плануецца правесці ў Мінску «шырокія грамадскія слуханні» па пытанні размяшчэння ў Беларусі расійскіх ваенных баз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?