«…Галасуйце за Аляксандра… – твар 70-гадовай бабулькі расьцьвітае, – …Мілінкевіча!» Спалоханая старая жахаецца. Як?! Прэзыдэнт Аляксандар – не-Лукашэнка?..

«Ці дасьць Мілінкевіч разгарнуцца фэрмэрам?» – зморана, але з надзеяй пытае кабета гадоў 40, якой ля Сітна вылучылі 20 га пяску і цяпер абдзіраюць бы ліпку.

«Толькі за Лукашэнку!» – ледзь адчыніўшы дзьверы, заяўляе немаладая жанчына з палаючымі чорнымі вачыма. З-за яе сьпіны высоўваецца мужык: «Давай сюды, мы будзем за Мілінкевіча». «За Лукашэнку…» – не здаецца кабета. «Муж сказаў за Мілінкевіча, значыць – за Мілінкевіча!» – нават хлопаньне дзьвярэй не заглушае раптоўнай сямейнай сваркі.

«Дык што, цяпер усе галасуем за яго? – прастадушна пытае бабуля веку Кастрычніцкае рэвалюцыі. – А ці зьменіцца яно да лепшага?» «Зьменіцца, абавязкова зьменіцца!» «Ой, мы ўжо не дажывём» – сумняецца бабулька. «Дай вам Божа здароўя – дажывём!» «Дай Божа…» – зь нечаканай цеплынёй прыгортвае бабулька да грудзей «Мілінкевіча» і ўсьміхаецца амаль дзіцячай усьмешкай.

«За Мілінкевіча? Паша, бутэлька – і хоць за чорта лысага!» Не, мы ня ўдзельнічаем у спойваньні беларускага народу.

Кампанія «ад дзьвярэй да дзьвярэй» мэтадычна, хата за хатай, прасоўваецца па Малым Сітне. Сабакі шалеюць, брэшуць, рвуцца на ланцугах і ашчэрваюцца так шчыра, быццам іх нацкоўвалі адмыслова на нацыяналістаў.

«Колькі табе за гэта даюць?» – ківае на агітацыю магутны лясьнік, выразным жэстам паціраючы пальцы ў шчэпці. «Два гады «хіміі», – адказваю, – а нашым маладафронтаўцам зараз даюць яшчэ больш».

У чацьвер, 16 сакавіка, увечары ў інтэрнат зьяўляецца ўчастковы й тры міліцыянты з раёну (зусім ня простыя – кіраўнік полацкага крымінальнага вышуку, начальнік ДАІ і нейкі чын у цывільным, які камандуе парадам). «У Сітне ўчынена злачынства. Правяраем увесь кантынгент. Севярынец і Яхімовіч [мой сусед], едзем у сельсавет разьбірацца». Іншыя тры «хімікі» гасьцей чамусьці не цікавяць. Майго суседа пакідаюць у машыне, мяне заводзяць на прахадную леспрамгасу, дзе прысутнічае адно незнаёмы мне мужык «пад градусам». Міліцыянты час ад часу водзяць мужыка за дзьверы, пэўна, на інструктаж, і ўрэшце той заходзіць ды заяўляе мне: «Прапала бэнзапіла. Прызнавайся, а то будзе горш!..» Ясна, правакацыя. «У аддзел!» – коратка распараджаецца незнаёмец у цывільным, і мяне цягнуць у машыну.

У Полацкім райаддзеле складаецца пратакол па «хуліганцы»: «Размахваў рукамі, нецэнзурна лаяўся, спрабаваў учыніць бойку». Адмаўляюся што-небудзь падпісваць. Вязуць у гарадзкі ізалятар. І міліцыянты-ахоўнікі, і люд, што сядзіць на «сутках», абмяркоўваюць «выбары», згаджаюцца, што налічаць, як мае быць, кажуць: сыстэму абавязкова трэба мяняць.

Назаўтра ў судзе мужык, які нібыта згубіў пілу, блытаецца ў паказаньнях: «Ён нешта казаў па-беларуску… Можа, лаяўся так… матам». «У беларускай мове мату няма», – адказваю. Судзьдзя (між іншым, з Вушаччыны) нечакана згаджаецца, і – першы выпадак за 10 гадоў! – мяне вызваляе. Але за дзьвярыма ўжо стаіць начальнік спэцкамэндатуры з брыгадай. Вязуць у Ветрына, дзе дзьве гадзіны чакаюць указаньняў «з вышыні». Нарэшце адбіраюць у мяне пасьведчаньне даверанай асобы Мілінкевіча, забараняюць назіраць на выбарах і пад канвоем двух супрацоўнікаў вязуць у Сітна. Селяць у пакой зь міліцыянтамі: цяпер любы выхад на вуліцу – толькі ўтрох. Даведваюся – пакуль я быў у Полацку, з пакою зьніклі ўсе грошы.

У леспрамгасе пярэпалах. Убачыўшы настрой галасаваць за Мілінкевіча, начальства распускае чуткі: маўляў, Севярынец падкупае людзей, частуе іх «максімкай» і цукеркамі. Люд абурана абвяргае «дэзу» перад міліцыянтамі.

А 8-й раніцы 19 сакавіка ў інтэрнат прыбывае «падмацаваньне»: абласны кіраўнік камітэту выкананьня пакараньня са сьвітай і начальнік камэндатуры. Шасьцёра чыноў вартуюць аднаго «хіміка»! Галасаваньне – пад канвоем. Кіраўнік камісіі адмаўляецца даць інфармацыю пра датэрміновае галасаваньне (хаця мне ўжо паведамілі – каля 40%).

Пасьля таго, як у Менску дзясяткі тысячаў людзей выходзяць на плошчу, «варта» атрымлівае тэлефонны загад: сядзець у Сітне і ў панядзелак, і ў аўторак, і ў сераду…

Заявам сіценскай камісіі пра тое, што за Мілінкевіча ў вёсцы прагаласавала ўсяго 22 чалавекі, людзі ня вераць: «А чаго тады Пашу назіраць не пусьцілі?!» «Менск бушуе!» – задаволена кажуць вяскоўцы і паказваюць, каб міліцыянты ня бачылі: трымайся!

Штовечар па тэлевізіі разам з «вартаўнікамі» бачым шматтысячныя аграмады пад бел-чырвона-белымі сьцягамі Хрыста. Рух Божае волі апаноўвае сэрца Беларусі!

Гэта не Майдан. Гэта беларуская Плошча. Плошча Перамогі.

в.Малое Сітна

Павал Севярынец – у 1998–2004 лідэр незарэгістра-ванага «Маладога фронту». Асуджаны за арганізацыю акцыяў пратэсту пасьля рэфэрэндуму 2004 году. Цяпер у высылцы ў Малым Сітне, на поўначы Полаччыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?