БелаПАН

БелаПАН

 

Джо Кокеру 69 гадоў, і ўзрост патроху бярэ сваё — не так жорстка, як у некаторых ягоных калег па цэху, аднак заўважна.

Ён не звяртаецца да публікі, апроч стандартнага: «Hello, Minsk! God bless you», падчас песні можа два разы прыкласціся да бутэлькі (цяпер ужо з мінералкай) і сыходзіць адразу пасля бісу.


Мінскі канцэрт Кокера прайшоў у межах тура ў падтрымку альбома Fire It Up — складана сказаць якога па ліку, у плане альбомаў Кокер заўжды быў надзвычай пладавітым.

У Мінск-Арэне не было танцпола, замест якога стаялі крэслы, большасці публікі, варта сказаць яно было і непатрэбна — у краінах былога СССР (за выключэннем хіба што краін Балтыі) Джо Кокер праходзіць па разрадзе «музыка для тых, каму за сорак».


Насамрэч, гэта не так.


Сапраўдны пралетарый з Шэфілда, які ў пачатку 60-х вырашыў, што даб’ецца паоспеху як спявак, дзевяць гадоў ледзь не сякерай рубіў сабе дарогу на сцэну.

І ў выніку ягонае выкананне бітлоўскай With a Little Help from My Friends страсянула легендарны Вудсток, і Джо Кокер стаў новай зоркай, на альбомах якога гралі людзі кшталту Джымі Пэйджа. Пік кар’еры Кокера прыйшоўся на пачатак — 1970-х, манструозны тур Mad Dogs & Englishmen, дзе ў склад каманды ўваходзіла ледзь не сорак чалавек, падарыў свету раскошны канцэртны альбом, а Кокеру — славу канцэртнага выканаўцы.

Так, насамрэч, якім бы бляклым не быў вышэйузгаданы новы Fire it Up, на сцэне песні з яго гучаць зусім па-іншаму:

You Don’t Need a Million Dollars ці загалоўная песня гучыць не як трэці і чацвёрты (ці пяты і шосты) трэк з новага альбома, неабавязковы для праслухоўвання, а як новы канцэртны хіт — першы далікатны акустычны, другі фанкавы і баявы.

Чаму ж на канцэртах Кокера няма таго самага танцпола — проста ў нашыя краіны ён прыйшоў ужо хрыплым,

прыпапсаваным калабком, з песнямі, кшталту You Can Leave Your Hat On, N’oubliez Jamais і іншымі, якія заселі на радыё-кропках былога СССР.

Публіка ажывілася на вышэйузгаданых песнях — калі перкусіаніст узяўся за акардыён і завёў N’oubliez Jamais, стала зразумела чаго хочуць мінчане.

А пад ураганную You Can Leave Your Hat on Рэндзі Ньюмана зала пачала танчыць. Праўда, не падымаючыся з крэслаў. Аднак калі Кокер завёў галоўны свой хіт — тую самую бітлоўскую песню пра дапамогу ад сяброў, рэакцыя была зусім іншай — такія песні не маглі калісьці прасачыцца праз Жалезную заслону.


На біс Кокер выканаў стандарт Cry me a River. І выканаў яго менавіта так, як рабіў гэта падчас свайго легендарнага тура «Шалёных псоў і англічан», аднак і гэта ацанілі далёка не ўсе.

Бачна, што Кокеру хочацца быць самім сабой гадоў гэта сорак таму, і трэба аддаць яму належнае, свой кавалачак атмасферы пачатку 70-х ён да Мінска давёз. А гэта, паўтаруся, атрымліваецца далёка не ва ўсіх.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?