Прадстаўленне, дасланае ва ўніверсам.
Прадстаўленне, дасланае ва ўніверсам.
Прадстаўленне, дасланае ва ўніверсам.
Універсам «Байкальскі»
«Мы разумеем вас, але і вы зразумейце. У нас папера са Следчага камітэта, — казала касірка ва ўніверсаме «Байкальскі». — Я распісалася, што без пасведчання асобы па картках тавар адпускаць не будзем. Нашто мне лішнія праблемы, штрафы? Тым больш у вас «Віза», яна без пін-кода».
У Следчага камітэта задача: знайсці злодзея. Ён украў картку і
расплаціўся ёй у трох універсамах Заводскага раёна на мільён трыста тысяч. Таму ў мэтах прафілактыкі следчая і запатрабавала ад шэрагу крамаў Заводскага раёна не абслугоўваць уладальнікаў пластыкавых картак,
якія не маюць пры сабе пасведчання асобы.
Касіры, сапраўды, часам недастаткова ўважлівыя. Следчыя праводзілі эксперыменты: мужчыны прыходзілі ў краму і расплачваліся карткай, зарэгістраванай на жаночае імя. І касір нават не звяртаў на гэта ўвагу.
Таму Следчы камітэт спадзяецца, што іх зварот дапаможа зменшыць колькасць злачынстваў з безнаяўным разлікам. Следчыя не загадваюць патрабаваць дакументы ва ўсіх, а толькі ў людзей, якія выклікаюць падазрэнне.
Вось толькі ці дапаможа тое вылічыць злодзея? Зламыснік скажа, што забыў пашпарт і расплаціцца наяўнымі. А картку скарыстае ў іншым раёне.
Абурэнне сіутацыяй ва ўніверсаме «Байкальскі» прымусіла Следчы камітэт правесці праверку прадстаўленняў, выпісаных следчай, на законнасць.
Як паведаміў «НН» афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта па Мінску Аляксандр Герасімаў, у выніку праверкі было ўстаноўлена, што прадстаўленне следчай, накіраванае ў тры ўніверсамы Заводскага раёна, не супярэчыць заканадаўству.
«Аднак гэты дакумент выклікаў пэўнае напружанне сярод насельніцтва, бо не ўсе ходзяць за пакупкамі з пашпартам. Таму следчай было рэкамендавана даслаць у крамы дадатковыя тлумачэнні, што асобу ўладальнік карткі можна пацвердзіць трыма спосабамі: не пашпартам ці іншым дакументам, але і супадзеннем подпіса на картцы і квітку, а таксама пін-кодам. Гэта прапісана ў банкаўскіх інструкцыях.
У дадзены момант Следчы камітэт вядзе з Нацбанкам перамовы аб магчымасць ўвядзення абавязковай праверкі пін-кода для ўсіх банкаўскіх картак, аднак гэтая ініцыятыва пакуль знаходзіцца толькі на этапе абмяркавання», — падсумаваў Герасімаў.