Пасля паведамленняў аб замініраванні ў Маладзечне адпусцілі з заняткаў вучняў усіх 14 гарадскіх школ, паведамляе мясцовая «Рэгіянальная газета».


«Тым часам аддзел адукацыі Маладзечанскага райвыканкама паведамляе, што ідуць вучэнні па грамадзянскай абароне. У МНС каментаваць сітуацыю адмовіліся», — піша выданне.

Як паведамілі газеце некаторыя настаўнікі, лісты з пагрозамі аб магчымых выбухах у некаторых школах прыйшлі на электронныя адрасы ўсіх навучальных устаноў горада.

«Гэта не вучэнні, таму што дадому адпусцілі ўсіх дзяцей, а настаўнікам сказалі чакаць на вуліцы каля школы.

Нікога ў памяшканне не пускаюць. З Мінска едзе група размініравання, якая будзе правяраць усе школы», — цытуе «Региональная газета» аднаго з педагогаў.

Разам з тым адзін з чытачоў партала tut.by паведаміў, што паведамленні аб замініраванні паступілі ў дзевяць школ.

Пра тое, што ў шэрагу школ Маладзечна ідзе эвакуацыя школьнікаў, пацвердзілі ў МУС Беларусі і УУС Мінскага аблвыканкама.

Паводле інфармацыі начальніка аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінскага аблвыканкама Аляксандра Данільчанкі, паведамленні аб замініраванні шэрагу школ паступілі сёння на адрас кіраўнікоў гэтых навучальных устаноў. У Маладзечна выехалі спецыялісты — ўзрыватэхнікі спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам МУС «Алмаз» і ўнутраных войскаў.
«Міліцыя і мясцовыя органы ўлады прымаюць меры па забеспячэнні бяспекі», — сказаў Данільчанка. Ніякай панікі ў горадзе няма, падкрэсліў прадстаўнік УУС Мінаблвыканкама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?