БРСМ рыхтуецца адсвяткаваць сваё 11-годдзе. З гэтай нагоды найбуйнейшая ў Беларусі арганізацыя правяла пампезную прэс-канферэнцыю, на якой падзялілася вынікамі працы.

Рыхтуюць кадры для міліцыі
Першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Ігар Бузоўскі паведаміў пра праекты арганізацыі: знаёмыя ўсім акцыі «За Беларусь», «Квітней, Беларусь», «Залатая шайба», «Каралева Вясна».
Многа ўвагі было нададзена моладзевым атрадам аховы правапарадку — важнаму, паводле словаў Бузоўскага, накірунку дзейнасці БРСМ, які дазваляе павысіць прававую пісьменнасць моладзі, праводзіць прафілактыку правапарушэнняў, працаваць са «складанай» моладдзю, рыхтаваць кадры для далейшай службы ў войску і сілавых структурах і навучання ў вну сілавых структур.

Бузоўскі сказаў, што самая важная падзяка МААП — ад людзей, якія могуць спакойна хадзіць па вуліцах

Атрымліваюць 1 000 даляраў у месяц
Бузоўскі ўхваліў нядаўні ўказ Лукашэнкі, які дазволіў будаўнічым атрадам працаваць круглы год, а не толькі летам. Кіраўнік БРСМ паведаміў, што для працаўнікоў будатрадаў арганізацыя будзе дамагацца павышэння сярэдняга заробку да 1 000 даляраў у месяц.
Паводле Бузоўскага, такія грошы для будатрадаў БРСМ ужо не мара. Летась такія заробкі атрымлівалі члены працоўных атрадаў БРСМ на будаўніцтве новага штаба Нацыянальнага алімпійскага камітэта, Астравецкай АЭС, школ у Салігорску і Маладзечне.

Запускаюць новы сайт і радыёстанцыю
На прэс-канферэнцыі было заяўлена, што да народзінаў БРСМ сайт арганізацыі абнавіў дызайн сайту, які стане больш сучасным, моладзевым і прыстасаваным для мабільных прыладаў. Беларускай мовы на сайце пакуль што не плануецца. Няма белмоўнай версіі і на цяперашняй версіі.

Яшчэ адной навіной стаў запуск новай радыёстанцыі ад БРСМ пад назвай «Душевное радио». На гэтай радыёстанцыі для маладых будуць ставіць хіты 80-х і 90-х з Беларусі і замежжа.

БРСМ ужо валодае радыёстанцыяй «Пилот FM», аднак дырэктар гэтай радыёстанцыі Анатоль Чэпікаў сказаў, што члены БРСМ, якія прыйшлі ў арганізацыю дзесяць гадоў таму, выраслі з фармату «Пілота», таму для іх будзе працаваць новая станцыя.

10 мільёнаў за песню
Падчас прэс-канферэнцыі Бузоўскі абвесціў конкурс на песню для БРСМ, якую запусцяць у эфір абедзвюх радыёстанцый. Песня павінна натхняць і матываваць моладзь, быць патрыятычнай. Галоўны прыз конкурсу — 10 мільёнаў рублёў, якія мусяць пакрыць выдаткі на запіс песні.

Адну з такіх песень тут жа і праспяваў бард Анатоль Длузскі.

4,5 мільёна даляраў — мізэрная сума
У пачатку прэс-канферэнцыі Бузоўскі сказаў, што «дзень нараджэння БРСМ ужо пачаў асацыявацца з днём моладзі ў Беларусі». Пазней, гаворачы пра фінансаванне арганізацыі, лідар БРСМ дадаў, што 4,5 мільёна даляраў, якія атрымала арганізацыя на сваю дзейнасць ад урада — гэта мізэрная сума, якая ідзе на фінансаванне амаль ўсёй моладзевай палітыкі ў краіне.

«Гэтыя грошы не дастаюцца нам проста так. Мы атрымліваем іх у выглядзе грантаў на праекты. Гэта цяжкая праца, і з намі пастаянна канкуруюць іншыя грамадскія арганізацыі. Сёння любая моладзевая ГА можа падаць заяўку на грант. Аднак перавагу аддаюць нам, бо сетка БРСМ можа вырашаць шырэйшы спіс праблем і каэфіцыент карыснай дзейнасці ад укладзеных грошай у нас вельмі высокі,« — сказаў ён.

БРСМ атрымлівае грошы ад Расіі

«Мы таксама атрымліваем грошы ад членскіх унёскаў — 10 тысячаў раз у 6 месяцаў. У нас 500 тысячаў членаў, і мы пускаем гэтыя грошы толькі на праектную дзейнасць. Мы атрымліваем гранты і з Расіі. Неўзабаве на расійскі грант мы правядзем фестываль моладзі саюзнай дзяржавы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?