Свяшчэнныя кнігі ведычных і аўрамічных рэлігій — гэта адна тэорыя, выкладзеная для розных аўдыторый. Паводле іх мова — гэта код і частата, з якімі этнас кантактуе з Вышнім Розумам. А Вышні Розум Зямлі, культурная біягеахімічная энергія, энергія чалавечай культуры — форма біягеахімічнай энергіі — стварае наасферу.

Чалавек недасканалы, яму даводзіцца карыстацца шмат якімі пратэзамі, каб захаваць жыццедзейнасць розных органаў і функцый, ад акуляраў да сэрца. Не выключэнне і моўная сфера. Але…

Адна рэч, калі мы вымушаны карыстацца чужою моваю як інструментам для навукі ці культуры. Для беларуса лаціна, нямецкая, расейская etc. — гэта гістарычна абумоўлены інструментарый прагрэсу. Але ж чужамоўе ў побыце — пратэз, нічым не апраўданы, хіба хцівасцю. Яно — наша трагедыя.

Ісус вёў прапаганду на общепринятом — іўрыце. Але на крыжы яго астатнія словы былі на роднай мове:«Ілі, Ілі! Лама савахфані?» — Божа мой, для чаго ты мяне пакінуў?

Мухамед казаў: «Мы (Алах), адпраўлялі пасланцоў толькі з моваю іхняга народа…»

За тысячу гадоў да яго Буда наказваў сваім рознамоўным вучням: «Я загадваю, вучні, каб кожны вучыў на сваёй мове».

У той час, як беларусы трацілі дзяржаўнасць — зломленыя трыма імперыямі! — любавіцкі рэбэ Шнэур на нашай зямлі вучыў: «Жыццёвая сіла фізічнага дзеяння нішто ў адносінах да жыццёвай сілы гукаў мовы».

Страціўшы код і частату, повязь з наасфераю, беларус страціў багацце, духоўнасць, здароўе. Сёння мы на жыццедайнай мяжы псіхафізічнай энергетыкі.

Што ўсіх нас — народ і так званых лідараў — аб’ядноўвае?

1. Жыццё нібы ў перманентным ваенным стане.

2. Зладзейскі час, прадказаны ўсімі даўнейшымі прарокамі.

3. Культурна-энергетычны завал этнасу.

4. Характэрная рыса эпохі: стан нацыянальнай катастрофы.

Значыцца, трэба ратавацца.

Каб сысці ад адказу на пытанне «як?!», розныя дэмакрады і рэнэгады вядуць шалёныя спрэчкі: цвярдое ці белае?! У гэтым і розняцца партыі і лідары.

Між тым адказ не новы, як не новая і сітуацыя: патрэбная Дырэкторыя ў складзе выказнікаў асноўных пазіцый у грамадстве. Гэта, напрыклад, Шушкевіч, Саннікаў, Някляеў, Статкевіч, Пазняк і Сурвіла. Дырэкторыя павінна абраць Прэзідэнта Дырэкторыі, г.зн. чалавека, які з іх не прэтэндуе на пасаду будучага прэзідэнта Рэспублікі і прэм’ера!

Калі б у 1991 выбралі Кебіча, то праз паўгода Вярхоўны Савет адставіў бы гэтага першага прэзідэнта і зрабіў бы тое, пра што мроіць дагэтуль апазіцыя. А так Народны Фронт у свой час палічыў КГБ-КПСС настолькі мёртвымі, што тыя будуць сядзець і лічыць галасы ціхмяна і паслухмяна. Неяк не падумалі, што БССР з 20-х гадоў, ад Апанскага, была самай моцнай базай замежнай разведкі і экспансіі, што тут былі цэнтры Камінтэрна, ГРУ, КГБ, што Менск перапоўнены палкоўнікамі-дыверсантамі, да аховы Кадафі ўключна. Дагэтуль. Дзе яны зніклі пасля апостальства Зянона? Наадварот, яшчэ ўцяклі сюды з суверэнных рэспублік.

Ну дык і вядзіце з імі справы, не пасылайце наіўных інтэлегентаў на прахадныя, бо пралетарыяту ніякага як свядомага класа цяпер няма, а той жа Парвус апіраўся на крымінал вайсковы і цывільны, і 7 лістапада 1917 цынічна называлі октябрьским переворотом аж да разгрому Троцкага праз дзесяць гадоў, калі Сталін сачыніў Вялікую Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю. Між тым, дарэчы, як і большасць рэвалюцый у Еўропе, Кастрычніцкая была зроблена на замежныя грошы.

Электарат Лукашэнкі вымер. Ваенная хунта, што яго прывяла, дэструктурызавана. Цяперашнія парадкі ненавісныя савецкім чорным палкоўнікам горш, чым народу. Розныя сацыяльныя групы сёння хочуць перамен.

Але перамены могуць адбыцца толькі на грунце яднання вакол нацыянальных каштоўнасцей. Наасфера ўспрымае мову этнасу — ягоных духоўных лідараў.

Этнас не кінуты Богам, покуль мы пра гэта здольныя гаварыць.

* * *

Уладзімір Іскрык — пісьменнік, публіцыст.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?