Міжнародны валютны фонд лічыць, што беларускі рубель пераацэнены прыкладна на 10%. Гэтая інфармацыя зьмешчаная на афіцыйным сайце МВФ.
Экспэрты МВФ адзначаюць перавагу даляра ЗША ў разьліках за энэрганосьбіты й плынях капіталу. Яны заяўляюць пра значную ўдзельную вагу суадносінаў “беларускі рубель — даляр ЗША” ў рэальным эфэктыўным курсе.
А вось беларускі ўрад і Нацыянальны банк ня згодныя з такімі разьлікамі МВФ. Яны спасылаюцца на структуру гандлю і высокую ўдзельную вагу ў разьліках расейскага рубля. А гэта, кажуць яны, уплывае на зьніжэньне рэальнага эфэктыўнага курсу нацыянальнай валюты.
Незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў кажа:
«Цяпер курс беларускага рубля падтрымліваецца прытокам замежных валютаў у краіну. І гэта зьвязана з ростам зьнешніх пазыкаў.
Але ж гэты рост не адлюстроўвае сапраўднага эканамічнага патэнцыялу. Ён яго перабольшвае. Таму і пакупніцкая здольнасьць рубля таксама перабольшаная. Менавіта за кошт гэтага фактару.
Калі б Беларусь захоўвала гандлёвы балянс ня коштам зьнешніх пазыкаў, а коштам свайго экспарту, дык рубель быў бы слабейшы».