07.09.2013 / 09:22

У палоне 1990-х. Пра кнігу Сяргея Навумчыка 39

Ці былі ў пераможным 1991-м зробленыя памылкі, якія пасеялі насенне для 1994 і 1996-га? Пра кнігу «Дзевяноста першы» піша Андрусь Вяткоўскі.

На працягу ўсяго ХІХ стагоддзя ішлі спрэчкі пра Вялікую Французскую рэвалюцыю і Напалеона. Для жыхароў ХХ стагоддзя яе месца занялі падзеі 1917 года і Ленін.

Не сумняваюся, што ў ХХІ-м большасць гістарычных дыскусій будзе прысвечана распаду СССР. Новая кніга Сяргея Навумчыка
«Дзевяноста першы» — гэта ўнікальны беларускі погляд на падзеі, якія прывялі Беларусь да незалежнасці.

Мяжа 1980-х і 1990-х стала адной з цэнтральных тэм у
айчыннай мемуарыстыцы. Сваю версію падзей падалі ва ўспамінах кіраўнікі краіны таго часу: спікеры Вярхоўнага Савета Мікалай Дземянцей, Станіслаў Шушкевіч і Мечыслаў Грыб, прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч, лідар апазіцыі Народнага Фронту Зянон Пазняк, міністры спраў замежных (Пятро Краўчанка) і ўнутраных (Уладзімір Ягораў), дэпутаты Вярхоўнага Савета Васіль Лявонаў, Пётра Садоўскі і мінскага
гарадскога Савета (Галіна Пазняк)…

Але Сяргей Навумчык у гэтым шэрагу стаіць асобна. 

Ён не толькі запісаў уласныя мемуары, але і паслядоўна збіраў і збірае дакументы, адгукаецца, бадай, на ўсе публікацыі і выказванні, якія датычаць разгляданага перыяду, вядзе дыскусіі ў інтэрнэце.

Погляды аўтара ўжо знаходзілі адлюстраванне ў папулярных
кнігах «Сем гадоў Адраджэння, альбо Фрагменты найноўшай беларускай гісторыі (1988–1995)» (2006) і «Дэпутаты Незалежнасці» (напісана ў суаўтарстве, 2010).

У пэўнай ступені «Дзевяноста першы» ўспрымаецца як працяг і
пашыраны варыянт названых выданняў (у тэксце выкарыстаны значныя фрагменты з іх). З другога боку, гаворка ў апошніх ішла пра больш шырокі перыяд, а тут разглядаюцца падзеі аднаго года, хай сабе з праекцыяй у будучыню.

Структура выдання простая: у ёй 12 раздзелаў, назвы якіх адпавядаюць месяцам года.

Частка з іх падзелена на інтрыгоўныя падраздзелы (напрыклад, «Gorby ў Менску», «Смак перамогі, альбо Як Славу КПСС хавалі», «Як мы спусцілі з лесвіцы Жырыноўскага»). Паколькі ў аснове структуры «Дзевяноста першага» — храналагічны прынцып, гэта пазбаўляе тэкст дублявання і шматразовых паўтораў інфармацыі (што назіраецца ў «Дэпутатах…«).

Навумчык — выдатны аўтар. У яго добры стыль, ён умее трымаць увагу і напружанне. Гэта звышчытэльны тэкст. 500старонкавы фаліянт прачытваецца на адным дыханні.

Каштоўнасць кнігі Навумчыка для гісторыкаў, якіх бы палітычных поглядаў яны ні трымаліся, неаспрэчная.

Аўтар уключыў у выданне багата дакументаў: выступленні з сесіі, якія цяпер адсутнічаюць у вольным доступе; публікацыі СМІ, шукаць якіх пажадае не кожны; запісы кулуарных пасяджэнняў і размоў, якія, хутчэй за ўсё, нікім, акрамя Навумчыка, не фіксаваліся.

Названых «плюсаў» «Дзевяноста першага» мусіць з лішкам
хапіць для таго, каб назваць выданне сапраўдным айчынным бестселерам, а аўтару — падзякаваць за тытанічную працу.

Калі чытаеш мемуары, якія напісалі ўдзельнікі тых падзей (як
беларускія, што названыя вышэй, так і савецкарасійскія: М.Гарбачоў, А.Якаўлеў, Я.Лігачоў, Б.Ельцын, А.Сабчак), заўсёды цікава, ці здольны аўтар без абраз ацэньваць сваіх палітычных праціўнікаў. А таксама, ці ўмее прызнаваць
унёсак сваіх праціўнікаў у развіццё грамадства, а таксама ўласныя памылкі.

Што ў гэтым сэнсе ў «Дзевяноста першым»? Нават у раздзеле,
дзе С. Навумчык называе В. Кебіча супрацоўнікам або КДБ, або ГРУ, што, на мой погляд, выглядае не вельмі пераканаўча, яго ацэнкі не выходзяць за межы прыстойнасці.

А вось сітуацыя з двума іншымі крытэрамі выглядае не такой адназначнай.

Давайце зробім эксперымент. Возьмем 1905 год, калі ў
Расійскай імперыі адбывалася рэвалюцыя. Атрымліваецца парадокс: прозвішчы яе ўдзельнікаў лёгка змяняюцца на нашых сучаснікаў. Мікалая ІІ на Дземянцея (бязвольныя асобы), Сталыпіна — на Кебіча (гаспадарнікі з прэтэнзіяй на моцнасць), Мілюкова — на Шушкевіча (інтэлігент, які імкнецца трымацца ў
цэнтры), Леніна — на Пазняка (харызматычныя лідары), а Беларускі Народны Фронт — на рэвалюцыянераў.

Савецкім гісторыкам была ўласцівая дастаткова просталінейная інтэрпрэтацыя падзей 1905 года. Чорнае — белае, ворагі — сябры. Тая ж праблема ў нечым акрэсліваецца і ў кнізе «Дзевяноста першы».

Адлюстраванне падзей надзвычай нагадвае бальшавіцкую схему (толькі паказаную ў люстэрку). Маўляў, існуюць два класы: прыгнятальнікаў (іх увасабляе камуністычная наменклатура, якая трымае ўладу) і прыгнечаных (просты народ).

Авангардам, які імкнецца вызваліць апошніх, з’яўляецца БНФ, але яму перыядычна перашкаджаюць як камуністы, так і лібералы, якія гатовыя на кампрамісы з рэжымам дзеля ўлады.

Заўважу, што ацэнка прыхільнікаў дэмакратычнага лагера, якія
не ўваходзяць у БНФ, таксама вагаецца (асабліва гэта бачна на прыкладзе Станіслава Шушкевіча). Калі яны падтрымліваюць ініцыятывы Фронту, дык выступаюць з прагрэсіўных пазіцый. Калі перашкаджаюць — дэманструюць уласную абмежаванасць.

Фактычна, праз усе старонкі кнігі праходзіць (дзе відавочны, а дзе прыхаваны) аўтарскі месідж: БНФ — лепшы за ўсіх, Зянон Пазняк — лідар нацыі,

менавіта БНФ на чале з Пазняком, якія карысталіся падтрымкай народа, прынеслі беларусам незалежнасць.

Катэгарычны і аднабаковы падыход да гісторыі мае права
існаваць тады, калі аўтарам працы з’яўляецца дзейны палітык, які адстойвае сваю праграму і змагаецца за галасы выбарцаў. У такіх выданнях — не месца ваганням ці прызнанням ранейшых памылак.

А вось калі паміж сучаснасцю і падзеямі, якія апісваюцца ў
выданні, праходзіць вялікая часавая дыстанцыя, аўтар мусіць узняцца над мінулым і ацаніць яго без празмерных эмоцый. Сяргей Навумчык сапраўды жыве 1990-мі гадамі, думае тагачаснымі катэгорыямі.

Гэта надзвычай дапамагае Навумчыку-мемуарысту. Але нежаданне паглядзець на тыя падзеі з вышыні гадоў стрымлівае Навумчыка-аналітыка.

1991 год быў найбольш паспяховы для Беларусі, нацыянальнага руху, калі перамогі ішлі адна за адной. Прадстаўнікі Народнага Фронту былі сапраўднымі героямі. Той смелы, рэвалюцыйны рух накіроўваў краіну на шляху да незалежнасці.

Але тады ж, у 1991-м, ужо акрэсліліся памылкі, стала заўважацца тое дактрынёрства, якія асабліва выявяцца ў 1992–1994, ва ўмовах, калі грамадскія чаканні ад Народнага Фронту зменшыліся.

Няправільны аналіз балансу сіл у грамадстве, нерэалістычныя ацэнкі таго, як будзе развівацца сітуацыя ў эканоміцы ў выніку дэзынтэграцыі СССР, і неразуменне будучага ўплыву гэтых працэсаў на палітычныя погляды беларусаў (у прыватнасці, на пазіцыю палітычнага класа і топ-менеджараў) прывядуць да таго, што Народны Фронт не здолее перашкодзіць Аляксандру Лукашэнку прыйсці да ўлады.

У адрозненнне ад Украіны, Беларусь выбрала еўраазіяцкую, а не еўрапейскую мадэль.

У 1994-м і 1996-м падавалася, што плынь падзей ужо не стрымаць. У іншых публікацыях Сяргей Навумчык лічыць фатальнымі рашэнне Шушкевіча дазволіць Лукашэнку ўзначаліць антыкарупцыйную камісію, а таксама
жаданне Кебіча перайсці да прэзідэнцкай мадэлі (у 1993 годзе).

Ён адхіляе магчымасць таго, што іншая тактыка і стратэгія апазіцыі маглі б змяніць хаду гісторыі.

Ці існаваў у 1991-м момант, калі гісторыя магла павярнуцца іначай, каб 1994-ы ніколі не адбыўся? На гэтае пытанне Сяргей Навумчык вам не адкажа.

Але той, хто хоча сфармуляваць свой пункт гледжання, мусіць прачытаць «Дзевяноста першы». Гэта кніга, якая належыць да катэгорыі «Прачытаць абавязкова».

P. S. Кнігу выдала Беларуская служба радыё «Свабода». Калі
хто не мае магчымасці атрымаць яе, дык зможа прачытаць па частках на старонках «Народнай волі».

Кніга Сяргея Навумчыка настолькі важная, што мы хацелі б апублікаваць некалькі рэцэнзій на яе.

Андрусь Вяткоўскі

0
Войт / Адказаць
07.09.2013 / 10:31
У 80-90х, БНФ сапраўды была моцнай, народнай партыяй. Авангардам беларускага грамадства. А Зянон Пазьняк- лідарам беларускага руху! чым далей мы будзем ад гэтай даты, тым відавочней гэта бачна. памылкі былі, як бяз іх. нават зараз да Зянона прыслухоўваюцца нават лукашыстыя, выступіў Зянон наконт Афрыканскай чумы, і глядзім- пачалі нешта рабіць улады зразумелае, а так ня ведалі як за гэтую праблему узяцца. і зараз чакаюць што Пазьняк скажа пра Бел. Калій. хаця Зянон даўно выказаўся па гэтаму пытанню-нельга прадаваць, вось і Лукашэнка выконвае загад Пазьняка. так што не вядома, хто тут галоўны! Зянон - сапраўдны аўтарытэт нацыі. пра дзевяностыя магу казаць с дакладнасьцю. быў там, удзельнічаў.
0
Бенедзікт / Адказаць
07.09.2013 / 10:31
Вяткоўскі - "Але тады ж, у 1991-м, ужо акрэсліліся памылкі, стала заўважацца тое дактрынёрства, якія асабліва выявяцца ў 1992–1994" -------------------------------------------- Нажаль, аўтар рэцэнзіі, спадар Андрусь Вяткоўскі, у гэтай і іншых заўвагах, не здоляў, нават у самай малой ступені паказаць абгрунтаванасьць падобных тэзаў. Іх штучнасьць выглядае нейкім дзіўным дысанансам. Бадай гэта тое адзінае, што не ўпісваецца ў агульны тон усяго някепскага водгука.
0
Лявон Баршчэўскі / Адказаць
07.09.2013 / 10:58
Спроба ўціснуць кніжку Навумчыка ў існыя схемы і паіранізаваць з гэтага публіцыстычна выглядаюць цікава. Гэта - права аўтара рэцэнзіі. Але ж радыкальныя палітычныя павароты ў гісторыі звычайна і адбываліся паводле пэўных заканамернасьцяў і схемаў! Можна шмат чаго гаварыць наконт асобы Зянона Пазьняка наогул. Але ў жніўні 1991 году (і ня толькі) гэта быў патрэбны чалавек на патрэбным месцы! Безь яго волі пераламіць большасьць у тагачасным Вярхоўным Савеце папросту не ўдалося б: гэта пацьвердзяць ня толькі тагачасныя дэпутаты ад БНФ. Сытуацыя была сапраўды драматычная, непрадказальная, усе йшлі некуды навобмацак, і трэба было, каб нехта запаліў ліхтар. Менавіта такой асобы, як Пазьняк, не хапала ў 13-м скліканьні, вынікам чаго і стаў "рэфэрэндум" 1996 году. Прытым я зусім ня схільны абагаўляць гэтую асобу: памылак, як вядома, ня робіць толькі Госпад Бог.
Паказаць усе каментары/ 39 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру