Лжэмініраванне школ Маладзечна 5 верасня было звядзеннем асабістых рахункаў паміж двума людзьмі, паведаміў сёння журналістам міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч.
«Матывам здзяйснення гэтага злачынства былі непрыязныя адносіны паміж мясцовым жыхаром і яшчэ адным чалавекам», — сказаў кіраўнік міліцэйскага ведамства.
Міністр растлумачыў, што такім чынам па гэтай справе застаўся адзін падазраваны — дастаткова малады, але ўжо паўналетні чалавек [30 гадовы рабочы будаўнічай фірмы].
«У здзяйсненні злачынства ён ужо прызнаўся «, — дадаў Ігар Шуневіч.
Падазраваны хацеў, каб праваахоўнікі затрымалі яго ворага, які і панёс бы пакаранне. Менавіта ад імя ворага і скіраваны паведамленні аб мініраванні.
У дачыненні да фігуранта справы праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні, збіраюцца доказы віны. З аднаго боку, гэты чалавек дэстабілізаваў навучальны працэс у цэлым горадзе.
Аднак жа сур’ёзнай грамадскай небяспекі не было. «Выбуховых прыладаў не было. Гэта была фікцыя», — адзначыў міністр.
Ігар Шуневіч падкрэсліў, што злачынства было раскрыта дзякуючы сумесным дзеянням некалькіх ведамстваў: «Мы працавалі сумесна: органы ўнутраных спраў, Следчы камітэт, Дзяржкамітэт судовых экспертыз і пракуратура». Таксама ў раскрыцці злачынства ўдзельнічалі супрацоўнікі КДБ.
Як паведамлялася, раніцай 5 верасня ў дзве школы Маладзечна прыйшлі па пошце лісты, у якіх утрымліваліся пагрозы падарваць навучальныя ўстановы, калі на ўказаны рахунак не будуць пералічаныя $ 10 тыс. Пазней такія ж канверты прыйшлі яшчэ ў восем школ горада. Была праведзеная эвакуацыя школьнікаў