Працяг тэмы канфэрэнцыі ў Кіеве.
Паводле завядзёнкі, шаноўныя інтэлектуалы трохі памясілі гумовую ляльку тытульнай апазыцыі. Даходзіла да мэтафараў кшталту "палітычныя мерцьвякі".
Трэба аддаць належнае: тыя "мерцьвякі", што прысутнічалі ў залі, дэманстравалі добрую спартовую форму і давалі энэргічны адлуп.
Гэтае дэжа-вю прымушае згадаць радкі з "Залатога цяляці":
"Што ж да калегаў, то гэта былі людзі сур'ёзныя і жартавалі толькі раз на год — першага красавіка. Ды і ў гэты дзень вясёлых забаў ды радасных містыфікацыяў яны апэравалі толькі адным сумным жартам: фабрыкавалі на машынцы фальшывы загад пра звальненьне Кукушкінда і клалі яму на стол. І кожны раз цягам сямі гадоў стары хапаўся за сэрдца, што надта ўсіх пацяшала".
Канешне, праблема ратацыі кіроўных кадраў у партыях існуе. Але ж, пры тым што бяз пэўнага маніпуляваньня не абыходзіцца, структуры гэта адносна дэмакратычныя. Вось і зараз кажуць, напрыклад, што шанцы Вінцука Вячоркі на сьнежаньскім зьезьдзе ПБНФ зусім не стоадсоткавыя. Увогуле ж бунты на партыйных караблях не аднойчы зьмяталі старых лідэраў. Але вынік? Ці прарвалася хоць адна з партыяў у новую якасьць? Ці дыхае у патыліцу старой гвардыі лузэраў генэрацыя сьвежага мысьленьня?
І потым, як ні круці, але мае рацыю сацыёляг Сасноў: упартыя лічбы апытаньняў фіксуюць, што апазыцыю, калі груба, падтрымліваюць трое зь дзесяці. Каб нават воўк у лесе здох і падчас наступнай парлямэнцкай кампаніі ўлада адпусьціла лейцы (наладзіла "умоўна празрыстыя" выбары), яна ўсё адно, на думку Аляксандра Старыкевіча, захавала б кантроль над палатай. Можа, пакуль што варта думаць найперш не пра заваёву ўлады, а пра зьмену сьвядомасьці беларусаў? Такое пытаньне паставіў перад заляй Андрэй Дынько.
Шмат гаварылася і пра "змушаную беларусізацыю" Лукашэнкі. Пра тое, што ўлада бесцырымонна перахоплівае лёзунгі, пачынае, хай сабе і няўклюдна, вырашаць пытаньні (сувэрэнітэт, прыватызацыя, стасункі з Эўропай…), пастаўленыя некалі апазыцыяй ды незалежнымі экспэртамі. А мы — гэта ўжо Віталь Сіліцкі, дырэктар BISS, згадаў тых самых Ільфа ды Пятрова — зноў "чужыя на гэтым сьвяце жыцьця".
Канешне, мае рацыю Пётра Рудкоўскі: апазыцыя без працы не застанецца. Бо не выпадае казаць пра сапраўднае незалежніцтва ды сапраўдную лібэралізацыю "зьверху".
Зь іншага боку, памятаеце выслоўе (кіеўскі антураж канфэрэнцыі таксама пра гэта нагадваў:): рэвалюцыі задумляюць рамантыкі, робяць прагматыкі, а плёнам карыстаюцца нягоднікі.
ЗЫ. Беларускі інстытут стратэгічных даследаваньняў — занадта доўга, BISS — "нізкапаклонства перад Захадам", БІСД — гм-гм — неяк не гучыць… Як будзем называць?