Новы фільм наўпрост курыруецца Адміністрацыяй прэзідэнта і атрымае адзін з самых вялікіх бюджэтаў у гісторыі айчыннага кінематографа. А ў якасці выканаўцы галоўнай ролі плануюць прыцягнуць галівудскую «зорку».

Прадзюсер Сяргей Ждановіч, вядомы як прадзюсар серыяла ПРААН «Вышэй за неба», і яго кампаніі былі абраныя Міністэрствам культуры Беларусі і Адміністрацыяй прэзідэнта для рэалізацыі праекта «Плошча кахання» («Авель»), які пакліканы стаць беларускім адказам на польскую палітычную драму «Жыве Беларусь» рэжысёра Кшыштафа Лукашэвіча паводле сцэнара Франака Вячоркі.

Пра гэта паведамляе драматург Андрэй Курэйчык.

У панядзелак Сяргей Ждановіч ляціць у ЗША на перамовы аб магчымым удзеле ў здымках галівудскай зоркі клясы «А» ды іншых вядомых актораў. Здымкі пачнуцца ў 2014 годзе і адбудуцца ў ЗША, Германіі, Расеі і Беларусі. Бюджэт складзе 2 млн даляраў ЗША.

Новы нацыянальны кінапраект пакліканы распавесці гісторыю «плошчы» снежня 2010 года «аб’ектыўна», гэта значыць з пазіцыі беларускай дзяржавы, а таксама ў мастацкай форме раскрыць «анатомію беларускага пратэсту». Ён наўпрост курыруецца Адміністрацыяй прэзідэнта і атрымае адзін з самых вялікіх бюджэтаў у гісторыі айчыннага кінематографа (нагадаем, бюджэт фільма «Жыве Беларусь» склаў 1,1 мільёна еўра).

Сцэнар «Плошчы кахання» трымаецца ў сакрэце, але вядома, што здымкі запланаваны на вясну 2014 года. Для працы над фільмам плануецца прыцягнуць беларускага рэжысёра, а ў якасці «мастацкага кіраўніка» праекта — вядомага расійскага рэжысёра. Перш за ўсё называецца імя рэжысёра фільма «Брэсцкая крэпасць» Аляксандра Ката, якому ўжо зроблена адпаведную прапанову. Аднак поўны вытворчы і творчы кантроль будзе ў Сяргея Ждановіча.

Вядома, што па сюжэце адным з герояў з’яўляецца амерыканскі журналіст, які трапляе ў Беларусь у драматычны перыяд сьнежня 2010 года і бачыць на свае вочы «праўду». Для гэтай ролі прадзюсер Ждановіч плануе прыцягнуць галівудскую «зорку». Фільм мае разбурыць «стэрэатыпы» міжнароднай грамадскасці пра беларускую ўладу і выбары 2010 года, паказаць, «як усё было на самай справе», праз кранальную чалавечую гісторыю кахання. Як і з «Жыве Беларусь», плануецца самая шырокая прысутнасць фільма на міжнародных кінафестывалях. Аднак гэта ўсё ў жаданнях.

Такога роду «двубоі» не раз былі ў гісторыі. Напрыклад, Расея і Грузія абмяняліся фільмамі пасля вайны 2008 года. Тады ў грузінскай драме прэзідэнта Саакашвілі сыграў вядомы галівудскі акцёр Эндзі Гарсія, затое блокбастар Джаніка Файзіева «Жнівень 2008» стаў адным з самых дарагіх у гісторыі расійскага кіно.

Выбар рэалізатарам нацыянальнага кінапраекта не дзяржаўнай кінастудыі «Беларусьфільм», а бізнэсоўца Сяргея Ждановіча не выпадковы, мяркуе Андрэй Курэйчык. На ягоную думку, была высока ацэнена яго праца на серыяле ПРААН «Вышэй за неба». Менавіта яго кампанія адказвала за канчатковы мантаж пасля адхілення ад працы аўтараў Андрэя Курэйчыка і Дзмітрыя Марыніна, у выніку якога «крытычны» погляд на сацыяльную рэальнасць Рэспублікі Беларусь быў заменены на цалкам станоўчы вобраз. Пасля гэтага серыял атрымаў высокія ацэнкі Міністэрстваў культуры і ахове здароўя, а таксама Адміністрацыі прэзідэнта.

Саму ідэю стварыць ідэалагічна правільны фільм пра Плошчу Курэйчык лічыць абсалютным ідыятызмам. А Плошчу — трагедыяй беларускага народа, якую нельга чапаць бруднымі рукамі. «Шкада, што на гэта пойдуць мільёны даляраў беларускіх падаткаплатнікаў. Такога кшталту фільмы заўсёды асуджаныя. Мастацкая каштоўнасць у іх — нуль, а людзі, якія іх робяць, потым ніколі не адмыюць», — кажа Курэйчык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?