Але нагадвае пра неабходнасьць супрацьстаяць Ірану.

ЗША маюць намер вывесці з Ірака да снежня гэтага года 5,7 тысяч салдат. У сваім тэлезвароце да нацыі (4.00 раніцы паводле менскага часу) прэзідэнт ЗША Джордж Буш афіцыйна абвясціў, што ён згадзіўся з прапановай камандуючага шматнацыянальнымі сіламі ў Іраку генерала Дэвіда Пятрэуса, і вайскоўцы патрапяць дадому яшчэ да Каляд (да 25 снежня 2007). Аднак асноўным тэзісам прэзідэнта стала фраза: "Чым больш паспяховымі будуць нашы дзеянні ў Іраку, тым хутчэй амерыканскія войскі вернуцца дадому". Гэтую сентэнцыю Джордж Буш паўтарыў некалькі разоў цягам свайго выступу.

Пры гэтым Буш падкрэсліў, што "дапамога Іраку – гэта маральны і стратэгічны доўг ЗША". Амерыканскі лідэр адзначыў таксама, што і пасля заканчэння яго прэзідэнцтва, Іраку будзе неабходная дапамога. "Палітычны і эканамічны ўдзел ЗША ў развязанні іракскіх праблем будзе неабходны і пасля заканчэння маіх прэзідэнцкіх паўнамоцтваў", – сказаў ён.

У сваім выступе Джордж Буш адзначыў станоўчыя зрухі, якія адбыліся ў Іраку за мінулы год. У прыватнасці, ён падкрэсліў, што Бакуба, якая яшчэ нядаўна была апорай "Аль-Каіды" ў Іраку, цяпер цалкам вычышчаная ад тэрарыстаў, паведамляе "Інтэрфакс".

Дзеянні амерыканскіх вайскоўцаў прэзідэнт ацаніў як бліскучыя. "Лічачы з студзеня, нашы вайскоўцы сумесна з іракскімі сіламі бяспекі знішчалі альбо арыштоўвалі ў сярэднім па 1500 супернікаў у месяц", – адзначыў Буш. Разам з тым, паводле яго слоў, у Іраку яшчэ ёсць вялізнае поле для дзейнасці, у першую чаргу для таго, каб узмацніць нацыянальную палітыку краіны, зрабіць яе больш баяздольнай.

Таксама Буш адзначыў, што ЗША мусяць перамагчы «Аль-Каіду» і супраць стаяць Ірану.

Мяркуецца, што да сярэдзіны ліпеня 2008 году з Іраку будуць выведзеныя 30 тысяч амерыканскіх вайскоўцаў.

Паводле charter97.org, СМ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0